растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм.

1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стылізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Надаць (надаваць) чаму‑н. характэрныя прыкметы пэўнага стылю (у 1, 2 знач.). Ф. Багушэвіч надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову расказчыка — селяніна. Шакун. // Перадаць (перадаваць) што‑н. пры дапамозе ўмоўных прыёмаў. Стылізаваць арнамент. // Пераймаючы каго‑н., надаць (надаваць) чаму‑н. пэўны выгляд, форму і пад. Багдановіч ужо ў самой назве падаў характэрныя для нашай старажытнай мовы звароты, прычым зусім няцяжка ўлавіць, пад каго стылізаваў сваё апавяданне паэт. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ценявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ценю (у 2, 6 знач.). Ценявыя ўзоры. Ценявая праекцыя. Ценявы тэатр. Ценявыя фарбы.

2. Які знаходзіцца ў цяні (у 1 знач.); неасветлены. Ценявы бок вуліцы. □ Некалі гэтая.. [ігруша] раскошна і маляўніча развіналася над хатай, яе лісце было да таго густое, што пры невялікім дожджыку ўвесь ценявы бок страхі аставаўся сухі. Кулакоўскі.

3. перан. Адмоўны, непажаданы. Ценявыя бакі жыцця Багдановіч раскрываў з настолькі вялікім пачуццём меры, што раскрыццё іх было ў яго сапраўды не «кветкамі зла». Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парале́ль, ‑і, ж.

1. Паралельная лінія. Правесці паралель.

2. Умоўная лінія, праведзеная па зямной паверхні паралельна экватару, усе пункты якой маюць аднолькавую геаграфічную шырату. Змыкайце рады Камінтэрна На ўсіх паралелях зямлі. Глебка.

3. перан. З’ява, якая можа параўноўвацца з іншай, аналагічнай з’явай. Канкрэтнасць гістарычнай паралелі, такім чынам, выпраўляла лінію абстрактных разваг героя, не даючы яму збіцца з пазіцый рэалізму. Лойка. // Параўнанне, супастаўленне. У шматлікіх работах аб творчасці Коласа робяцца паралелі паміж «Казкамі жыцця» і байкамі Крылова, алегорыямі Салтыкова-Шчадрына, Горкага і г. д. Навуменка.

[Ад грэч. parállēlos — які знаходзіцца, праходзіць побач.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак.

1. што. Прапускаючы нітку, дратву і пад. праз што‑н., прышыць, сшыць, зашыць. Прашыць падэшвы. // Зрабіць шво на чым‑н., прастрачыць. Прашыць каўнер.

2. што. Спец. Зрабіць скразную адтуліну ў металічнай дэталі.

3. каго-што. Разм. Прастрэліць (у некалькіх, у многіх месцах). Аўтаматычная чарга прашыла нагу Зоі. Няхай. Кулям сэрца лёс не даў прашыць. Лойка. / у безас. ужыв. Сямёну Неляшу, які жыве насупраць Лобіка, партызанскай куляй прашыла грудзі. Навуменка.

4. і без дап. Шыць некаторы час. Прашыць увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.

Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураджа́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўраджаю. Ураджайныя ведамасці.

2. Які характарызуецца багатым ураджаем. Быў той год ураджайным, як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Лынькоў. Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя, асабліва ўраджайныя сёлета, чарніцы. Брыль. // перан. Разм. Багаты на што‑н. 1958 і 1959 гады былі ўраджайныя на першыя паэтычныя зборнікі і ў пераважнай большасці добрыя. Лужанін. На паэмы пасляваенны час, можна сказаць, быў у нашай літаратуры ўраджайны. Лойка.

3. Які вызначаецца высокай ураджайнасцю. Ураджайны сорт пшаніцы. Ураджайная культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Пазбавіць жыцця, забіць; загубіць. [Шура:] Зараз [Коля Дзееў] будзе тут. Тол нёс... Ахова за ім гналася. Ён аднаго ўходаў. Кучар. Аж пабялеў [Гаркун] ад злосці і з пенай у роце закрычаў: — Я яе [Ніну] уходаю... У турму пасаджу!.. Гроднеў.

2. Змардаваць, знясіліць, змучыць. Для кожнага, хто яго бачыў упершыню, было відавочна, як уходала.. [Міклашэвіча] тая хвароба. Быкаў.

3. Патраціць, расходаваць. Уходаць усе грошы. □ Я ўспамінаю працавіты свой народ, Які ў пясок нямала сілы ўходаў. Лойка. // З’есці. Дзеці хутка ўходалі гаршчок кашы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)