чу́цца, чу́юся, чу́ешся, чу́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, успрымацца на слых.

Чулася музыка.

Чуўся смех.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца.

Чуецца пах кветак.

У песні чуўся смутак і жальба.

3. у знач. пабочн. сл. чу́ецца, чу́лася. Адчувацца, думацца.

Яна ківала галавой, але, чулася, была занята сваімі думкамі.

4. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане.

Добра чулася нам у лесе.

|| зак. пачу́цца, -чу́ецца (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

каніфо́ль, ‑і, ж.

Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, якое атрымліваецца пры перагонцы смалы хваёвых дрэў і выкарыстоўваецца ў якасці клеявога і ізаляцыйнага матэрыялу ў прамысловасць, а таксама для націрання смыкоў струнных інструментаў. Сляпы музыка асцярожна дастаў з чахла сваю скрыпку, пакратаў струны пальцамі, правёў некалькі разоў смыком па каніфолі, прымайстраваўся на купіне і зайграў. Гурскі.

[Ад лац. Coloponia resina — калафанійская смала (Калафон — горад у Малой Азіі).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сеннік, ‑а, м.

1. Аўтар тэксту песень або кампазітар песеянай музыкі. Паэт-песеннік. Кампазітар-песеннік.

2. Разм. Выканаўца песень; аматар спяваць песні. — Едзе [Анікей] і пяе, песня плыве над ракой.. Песеннік быў... Ах, колькі радасці ён прывозіў з сабой!.. Ракітны. Для паноў ён [прадзед] быў першы разбойнік, Для людзей жа — музыка і песеннік. Блатун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нату́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца або робіцца з натугай. Натужлівы голас. Натужлівы кашаль. □ Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Караткевіч. / у перан. ужыв. З боку вёскі, дзе слаба ружавее нешырокая палоска неба, даносяцца натужлівае пыхканне паравіка на электрастанцыі і вясёлая музыка. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нячу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены чуласці, спагадлівасці. Яму няма каму выказаць свае скаргі, выліць жаль і боль, бо навакол нячулыя, карыслівыя і неспагадлівыя людзі. Івашын. // Які выяўляе адсутнасць чуласці, спагадлівасці. Нячулыя адносіны да чужога гора.

2. Які не рэагуе на што‑н.; раўнадушны. [Настаўніца:] — Які вы ўсё ж нячулы чалавек — такая музыка, а вы яе бязлітасна хочаце перапыніць. Барашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрысе́, прысл.

1. Патроху, у невялікай колькасці. Няня прымусіла паспрабаваць усяго пакрысе, выпіць шклянку кавы. Васілевіч. У Рамана Дзянісавіча знайшлася пляшка нейкай старой настойкі — ён наліў пакрысе ў шклянкі. Хадкевіч.

2. Абл. Паступова, павольна. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўстава́ць 1, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑ставіць; зак.

Устаць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Паўставалі, застукалі крэсламі людзі. Вышынскі. Высахла папараць, паўставала з зямлі, прычасалася; цяпер яна зусім маладая, бы і не мерла, а толькі змяніла свой колер за зіму. Пташнікаў.

паўстава́ць 2, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае.

Незак. да паўстаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасёлак, ‑лка, м.

Грунтавая дарога паміж невялікімі населенымі пунктамі. Улетку гэты прасёлак быў — хоць бокам каціся, і дваццаць пяць кіламетраў ад Сасновіч да райцэнтра Данік на тым жа матацыкле, бывала, праскокваў за якіх мінут сорак. Краўчанка. Для нас засталіся абдымкі вятроў На ўсіх бальшаках і прасёлках, І музыка ліўняў, і пошум дуброў, І свіст перапёлак на золку. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уверцю́ра, ‑ы, ж.

1. Музычны уступ да оперы, балета, драмы і пад. Уверцюра да оперы «Алеся». // перан. Пачатковы этап, папярэдняя частка чаго‑н. Прысвячаючы паэму «Сымон-музыка» беларускай моладзі, паэт напіша вельмі прачулую, глыбокую паэтычным .. сэнсам уверцюру, у якой у значнай меры раскрые сваё крэда паэтычнага бачання, адчування свету. Навуменка.

2. Невялікі музычны твор у форме санаты. Сімфанічная уверцюра.

[Фр. ouverture ад ouvrir — адкрываць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкала́, ‑ы, ж.

1. Лінейка або табліца з дзяленнямі ў розных прыборах. Музыка абарвалася, і збянтэжаны Валерый пачаў ганяць стрэлку па асветленай шкале прыёмніка. Стаховіч. Я зазірнула на шкалу [тэрмометра], чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.

2. Сістэма лікаў, пераменных велічынь ва ўзыходным і сыходным парадку, прынятых для вымярэння, вызначэння, ацэнкі і пад. Шкала тэмпературы. Шкала заработнай платы.

[Ад лац. scala — лесвіца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)