ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.

Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыта́нне, ‑я, н.

1. Пытанне, зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння. Андрэй безнадзейна махнуў рукой і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, пайшоў з хаты. Зарэцкі. Бацька быў негаваркі чалавек і на запытанні Антона адказваў з неахвотаю. Васілёнак.

2. Афіцыйны дакумент з просьбай або патрабаванням даць пэўныя звесткі, тлумачэнне і пад.; запыт. Паслаць запытанне. □ Гэта быў адказ па пісьмовае запытанне старшыні калгаса Сушкевіча, калі будзе складзены праект асушэння балот. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́ддаль, зво́ддалі і зво́ддаля, прысл.

1. З далёкай адлегласці; здалёку. Моўчкі далучыўшыся да астатніх, Пятро і сакратар райкома пачалі пазіраць за падзеямі зводдаль. Ваданосаў. [Сярод азярцо] густа тырчаць купіны, так што, калі глядзець зводдалі, дык здаецца, там наогул няма ніякай вады... Шуцько. Сілівон пайшоў назад. Заклапочаная Аксіння, якая зводдаля ўвесь час пазірала за ім, спаткала яго на вуліцы. Лынькоў.

2. На некаторай адлегласці; у аддаленні. Зводдаль ад жыллёвых будынкаў — цэлая сістэма будынкаў гаспадарчых. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад забыць.

2. у знач. прым. Які не захаваўся ў памяці. Калісь вясной — такой забытай, даўняй — Надсеклі клён, каб сок салодкі даў ён. Чарнушэвіч.

3. у знач. прым. Пакінуты без увагі; закінуты. Цяпер .. [цэркаўка] стаяла адзінокая, закінутая, забытая. Колас.

4. у знач. прым. Незнарок, па няўважлівасці пакінуты дзе‑н. Па падлозе рассыпаны былі падраныя паперы, а на стале ляжаў грудок кніг — можа забытых, а можа наўмысля пакінутых тут. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раслі́ннасць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць раслін пэўнай тэрыторыі; расліннае покрыва зямлі ў цэлым. Палеская нізіна па сваіх прыродна-гістарычных умовах — па асаблівасцях клімату і расліннасці, а таксама жывёльнага свету — з’яўляецца выключна цікавым раёнам еўрапейскай часткі Савецкага Саюза. «Беларусь». Найбагацейшая расліннасць пышна красуе ўсюды. Чорны. На сярэдзіне затокі вада была чыстай, без расліннасці. Ігнаценка.

2. Разм. Валасы на твары, галаве, целе чалавека. Гэта быў даўгі маўклівы мужык з апатычным выразам беднага на расліннасць твару. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распа́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.

2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.

3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

Тое, што і перакласці (у 1–4 і 6 знач.). Пералажыць віну на другога. □ Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца. Скрыган. Клопат, што ні кажы, не прапаў попусту: ..пералажылі шчарбатыя, падламаныя масты, збудавалі трохі новых. Мележ. Нешта падобнае да «Калевалы» можна скласці і з беларускіх казак. Падабраць іх у парадак, пералажыць, магчыма, у вершы і звязаць адным героем, якім-небудзь кавалём, ці што. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлапчы́на, ‑ы, м.

Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ке́пска,

1. Прысл. да кепскі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, дрэннае самаадчуванне. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, — Кепска цяпер! Багдановіч. // Пра нястачу, недахоп чаго‑н. — Як вы з дры[ва]мі, дзядзька Малах? — Малах ажыўляецца: — Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся. Зарэцкі.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі душэўны або фізічны стан. Дзяўчынаньцы кепска стала — стала плакаць ды ўздыхаць. З нар.

•••

Кепска кончыць гл. кончыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)