пы́шнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць пышнага (у 1 знач.). Альбіна заспяшалася апранацца і ўжо на беразе вельмі ж пільна глядзела на Галю. І, мабыць, зайздросціла пругкасці яе маладога цела, прыгажосці яе твару, пышнасці яе светлых валасоў. Сабаленка.

2. Раскоша. Пан Вашамірскі рыхтаваўся да Новага года і з усёй пышнасцю ўпрыгожваў палац, застолле. Кучар. У крэпасці быў прасторны мураваны храм, пабудаваны «з вялікай пышнасцю». «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Віхор (БРС, Шат., Касп., Мядзв., Гарэц., КЭС, КТС) ’шчацінне на хрыбце ў свінні’ (Бяльк., Шатал.); ’дух-гаспадар ветру’ (Інстр. II); ’від танца’ (Інстр. IV), віхры́ ’пясчаныя ўзгоркі, нанесеныя ветрам’; ’кучаравыя валасы’ (Сцяшк. МГ). Рус. вихо́р, укр. вихор, польск. wicher, чэш. vicher ’капуста, якая не завілася ў качан’, славен. vicher ’завіток валасоў’. Да віць (Фасмер, 1, 324). Перанос націску адбыўся ў выніку ўздзеяння дэрыватаў тыпу бугор, тапор і г. д. (Шанскі, 1, В, 112). Міклашыч (388), Персан (322) параўноўваюць з вяха́, вехаць як ступені чаргавання. Гл. таксама віхар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праме́нь ’вузкая паласа святла’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб.), параўн. ст.-бел. промени солнечныи (XVII ст.; БЛ, 29, 52). Паводле Кюнэ (Poln., 89), з польск. promień ’тс’; гл. таксама Станкевіч (Зб. тв., 2, 167), які звяртае увагу, што ў гэтым значэнні ў народнай мове ужываецца слова каса (гл.) і вытворныя ад яго, што ўскосна пацвярджае этымалогію прасл. *pormy, Р. скл. *pormene з першасным значэннем ’пасма валасоў’ і пад. (Махэк₂, 479). Німчук (Давньорус., 32) дапускае для ўкр. про́мінь выпадзенне першага о ў по́ромінь ’тс’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

барада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. баро́ды і (з ліч. 2, 3, 4) барады́, -ро́д, ж.

1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы.

Ударыўся барадой аб стол.

2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару.

Адпусціць бараду.

3. перан. Пра чалавека з такім валасяным покрывам (разм.).

Давайце выберам старшынёй бараду.

4. У некаторых жывёл: пучок валасоў, пер’я або мясістыя адросткі пад пярэдняй часткай галавы.

Казліная б.

5. Касмыль недапрадзенай кудзелі, воўны.

Б. кудзелі.

6. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі.

Дзіравая барада (разм., жарт.) — пра таго, хто есць і абліваецца стравай.

|| памянш. баро́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж. (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

натура́льны, -ая, -ае.

1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны.

Натуральныя ўмовы.

2. Абумоўлены законамі прыроды.

Натуральная смерць.

3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны.

Н. колер валасоў.

Н. імунітэт.

4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны.

Н. шоўк.

5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны.

Натуральная велічыня прадмета.

6. Нармальны, звычайны.

Н. выгляд.

7. Які атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 5 знач.).

Натуральная аплата.

Натуральная гаспадарка (спец.) — гаспадарка, у якой прадукты працы вырабляюцца для задавальнення патрэб толькі саміх вытворцаў.

Натуральны рад лікаў (спец.) — бесканечная паслядоўнасць 1,2,3,4,5,..., што складаецца з цэлых дадатных лікаў, размешчаных па парадку іх узрастання.

|| наз. натура́льнасць, -і, ж. (да 3—6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Каўту́н ’каўтун, хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца; зблытаны пук валасоў, поўсці і пад.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Рус. колту́н, укр. ковту́н ’тс’. З усх.-слав. моў запазычана польск. kołtun ’тс’ (дакладней, з укр. мовы). Паводле Фасмера, 2, 298, звязана з такімі лексемамі, як рус. колту́шка ’прывесак, падвеска’, польск. kiełtać się ’калыхацца, гайдацца’. Параўн. Брукнер, 248; Слаўскі, 2, 375. Усх.-слав. *kъlt‑unъ звязана, паводле Слаўскага, там жа, з прасл. дыял. дзеясловам *kъltati ’калыхацца, гайдацца’, вядомым толькі ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 216. Гл. калдун2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касмы́ль, ‑я, м.

Разм. Скудлачаная пасма валасоў. Міхась.. стаў поркацца каля хамута: выцягнуў з-пад яго касмыль грывы і роўна расчасаў пальцамі. Якімовіч. Мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. // Пук, шматок (сена, ваты і пад.). Карней Адамавіч на пальчыках падышоў да другой сцяны, выдраў з паза касмыль моху. Жычка. // перан. Клубок, шматок, абрывак (хмары, туману і пад.). [Туман] кудзеліўся яшчэ невялікімі касмылямі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накладны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які накладваецца, прымацоўваецца зверху чаго‑н. Накладныя малюнкі. Накладныя літары. // Які прышываецца, прыклейваецца зверху; які пакрывае тонкім слоем што‑н. Накладныя кішэні. Накладное серабро.

2. Які зроблены з чужых валасоў; фальшывы. Накладныя вусы.

3. у знач. наз. накладна́я, ‑ой, ж. Дакумент, па якім здаецца або прымаецца груз. Выдаць па накладной. Аформіць накладную. □ [Ад’ютант:] — Тут атрымаеце прадукты. Вось вам накладная. Новікаў.

•••

Накладны плацеж гл. плацеж.

Накладныя выдаткі гл. выдаткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычо́ска, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.

Парадак размяшчэння валасоў на галаве, які атрымліваецца прычэсваннем, стрыжкай, закручваннем; валасы, прычасаныя, расчасаныя пэўным чынам. Марына пачала прыгожа адзявацца і выбрала сабе сталую прычоску, якая так была ёй да твару. Чорны. Камісар зняў шынель і вушанку і .. прысеў да стала, паправіўшы цяжкай рукой няхітрую цёмна-русую прычоску. Брыль. Каля воза стаяла Ганна. Яна папраўляла прычоску і перавязвала белую хустку. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руся́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Блізкі да русага, светла-русы (пра валасы). Была .. [Лена] даволі прыгожая, з карымі вачамі, з доўгімі русявымі косамі, якія ў тыя гады былі модныя. Дубоўка. На галаве [Сюзаны] пушыстая вязаная хустка, з-пад якой выбіваецца пасмачка русявых валасоў. Навуменка. // Які мае такія валасы. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы.. мужчынка, даўно няголены. Брыль. — А ты тутэйшы? — увязаўся ў гаворку русявы чырвонаармеец. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)