піяне́р, ‑а, м.

1. Чалавек, які ўпершыню пранік у недаследаваную краіну і пасяліўся там (першапачаткова аб перасяленцах у Паўночную Амерыку).

2. Той, хто першы пракладвае дарогу ў якой‑н. новай галіне; зачынальнік. — Ва ўсякім разе, хлопцы, — казаў Садовіч, — заўтра мы паложым пачатак арганізацыі народных настаўнікаў у Беларусі. Мы будзем піянерамі рэвалюцыйнага арганізаванага руху ў барацьбе супроць праклятага царызму, — крыху рытарычна, але натхнёна скончыў Садовіч. Колас. [Віхура:] — Пройдуць гады, з’явіцца іншая тэхніка, а нас, піянераў будоўлі, усё ж не забудуць, бо мы ўкладаем душу ў справу. Гурскі. Вахтангаў быў піянерам новага, савецкага мастацтва. «Беларусь».

3. Салдат інжынерных войск у Францыі, Англіі, Германіі і да пачатку 19 ст. ў Расіі; сапёр.

4. Член дабравольнай дзіцячай камуністычнай арганізацыі. Уступіць у піянеры. □ Пад ім [сцягам] піянеры Прыходзяць на зборы. Пры ім, на бязмежным савецкім прасторы, Заўсёды стаіць Каравул ганаровы. Глебка.

[Ад фр. pionnier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.

[Фр. estacade.]

эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.

[Фр. estacade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)