Маляўнічы ’прыгожы, эфектны з пункту погляду мастака’ (ТСБМ). Паланізм. Параўн. польск. malowniczy ’які годны таго, каб быць перанесеным на палатно, прыемны для погляду, прыгожы, цудоўны’, ’жывы, каляровы, вобразны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

маляўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Прыгожы, эфектны з пункту погляду мастака. Высеўка падрабязна расказваў нам пра возера Нарач, якое ляжыць у маляўнічай катлавіне. Гурскі. Парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць .. чалавека. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэкараты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўпрыгожвання. Дэкаратыўнае пано. Дэкаратыўныя кусты. Дэкаратыўныя тканіны.

2. Маляўнічы, эфектны. Дэкаратыўны выгляд. □ Бярозы стаялі нерухома, у шэрым змроку яны здаваліся ніцымі, а кусты і елкі дэкаратыўнымі. Карпаў.

3. Звязаны з афармленнем сцэны дэкарацыямі. Дэкаратыўнае афармленне.

4. перан. Разм. Ненатуральны, штучны; паказны. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Шамякін.

[Фр. décoratif.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)