зеў, зева, м.

1. Адтуліна, якая вядзе з рота ў глотку. Поласць зева.

2. перан. Адтуліна, жарало. Зеў люка. Зеў печы. Зеў пячоры.

3. Спец. Прастора паміж двума слаямі асновы ў кроснах, дзе праходзіць чаўнок.

•••

Ільвіны (львіны) зеў — травяністая расліна з кветкамі, якія нагадваюць адкрытую пашчу льва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ўка, ‑і, ДМ цэўцы; Р мн. цэвак; ж.

1. Спец. Дэталь перадатачнага механізма цыліндрычнай формы.

2. Прыстасаванне ў выглядзе трубкі, на якое навіваюцца ніткі і якое ўстаўляецца ў чаўнок пры тканні. Кужаль Маланка снавала, Цэўкі сукала і ткала. Купала. А потым.. [Фядора] сама памагла Анюце сукаць цэўкі. Васілевіч.

3. Косць у назе птушкі, якая знаходзіцца паміж галёнкай і пальцамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Про́сесць (prósiść) ’месца ў кроснах, дзе палатно мяжуецца з ніткамі’ (Варл.), ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (мін., Шатал.), про́сець (петр., Шатал.). Паводле Раманавай (Наим., 121), першапачатковая мера палатна, параўн. рус. про́шесть, была збліжана з дзеясловам сесть ’сесці’, г. зн. ’тое, што можна зрабіць за адзін прысест, не адрываючыся’. Сумнеўна. Гл. прасесць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лучок1 ’наморднік для цяляці’ (ТС), ’вілачкі ля касы, якія падбіраюць пры касьбе скошаныя расліны (грэчку, віку, ячмень)’ (Юрч., Сцяшк., ТС) — першапачаткова быў лучок, на які магло быць нацягнута палатно для адкідвання збожжавых (в.-дзв.; Шатал., Шат.) ’чаўнок для вязання сетак’ (Дэмб. 2). Да лук1 (гл.).

Лучок2 ’лучка, лука, утвораная загібам ракі’ (Бяльк.), ’невялікі залом, выступ берага ў малой рэчцы’ (слаўг., Яшк.). Да лука́ (гл.). Канчатак аформлены пад уплывам лужок < луг (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пацэ́пніца ’памылка, дапушчаная пры ўвядзенні асновы ў бёрда’ (пух., Сл. ПЗБ). Магчыма, паланізм. Параўн. малапольск. росер, росера, podcepnica, pocepka, pocepucha, малапольск., маз., падляшск. росерпіса ’тс’. Не выключана, што гэта архаізм, які генетычна можна аднесці да прасл. čepati ’расшчапляць’, ’калоць’, сёръ: рус. цеп ’зеў у аснове, дзе ходзіць чаўнок пры тканні’, цвяр. цепы ’ніт’, польск. сер ’памылка, выкліканая тым, што праз ніт разам праходзяць дзве ніткі асновы; славен. сёр ’расколіна’, балг. цеп ’планачка паміж ніткамі асновы пры тканні’, цап ’планачка для ўтварэння зева ў кроснах’ (Трубачоў, Эт. сл., 3, 184–186).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пара́дкам, прысл.

Разм.

1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.

2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.

3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.

шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.

2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́та, ‑а, М ‑рыце, н.

Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва або збітая з дошак, якая скарыстоўваецца звычайна для кармлення жывёлы. Дубовае карыта. Свіное карыта. □ [Наталля] дастала з печы чыгун паранай бульбы, пасекла ў карыце і замяшала свінням. Чорны. Калі гусяняты заканчвалі выбіраць насамі-лодачкамі корм з карытаў, дзяўчынкі гналі іх на возера. Даніленка. // Пра старое, непрыгоднае судна, лодку. Усхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта. Колас.

•••

Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.

Разбітае (старое) карыта — пра што‑н. старое, непрыгоднае. — Гэта не машына, а старое карыта, сэр. Тарантас фермера Молі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рухацца па гладкай слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Крактала, угіналася пад возам рака, коні .. імчаліся, секлі лёд падковамі, і заднія калёсы слізгаліся, сунуліся. Капыловіч. // Не мець устойлівасці, ссоўвацца з месца, не могучы ўтрымацца на слізкай паверхні, саслізгваць. А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу, — усё слізгаюся. Бядуля. Але з непрывычкі нож .. чамусьці не слухаўся [Косціка]: ён то лёгка слізгаўся па версе кары, то глыбока ўядаўся ў корань. Якімовіч. // Не трымацца, выслізгваць. Чаўнок слізгаецца з рук. □ Паклаўшы жменю [пшаніцы], .. [Марыя] плявала сабе ў правую далонь, каб ручка сярпа не слізгалася, і жала далей. Пестрак.

2. Катацца, коўзацца. Слізгацца па лёдзе. Слізгацца на каньках. □ Зімою добра было слізгацца па лёдзе, вечарам пад шум бору за сцяной слухаць казкі. Ліс.

3. Тое, што і слізгаць (у 3 знач.). Водбліскі зор, здаецца, слізгаюцца па шыбінах і адбываюцца на твары Косціка. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)