сяке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш. да сякера; невялікая сякера. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрыты́к, прысл.

Разм. Блізка, без прамежку, шчыльна прымыкаючы да чаго‑н. Моцныя дубовыя дошкі, без адзінай шчылінкі, збітыя ўпрытык, апаясвалі сядзібу хутара. Лупсякоў. Стол быў пастаўлены насупраць акна, упрытык да падаконніка; на стале стаяла гліняная паліваная ваза з пажухлымі кветкамі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хутара́нін, ‑а; мн. хутаране, ‑ан; м.

Уладальнік хутара. І зямля была не роўная: жоўты пясок, камяністыя ўзгоркі, .. і толькі месцамі трапляліся кавалкі добрай зямлі. Лепшыя землі захапілі пасялкоўцы і хутаране, а яшчэ лепшая зямля была пад панскім маёнткам, дзе заснаваўся цяпер саўгас «Чырвоны шлях». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзве́сце, двухсот, двумстам, двумастамі, (аб) двухстах, ліч. кольк.

Лік і лічба 200. Дзвесце дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 200. Дзвесце чалавек. □ На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Колас. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Блукаць некаторы час. Пеця да цямна праблукаў на беразе рэчкі, а начаваў пад дзедавай паветкай. Ракітны.

2. Тое, што і праблудзіць. Ад Залужжа да хутара па добрай дарозе дык паўгадзіны хадзьбы, а ў такую завею можна праблукаць па полі да ночы і на хутар не трапіць. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Выклікаць у кім‑н. трывогу, страх. Нечаканы прыезд няпрошаных гасцей устрывожыў гаспадароў хутара. Якімовіч. Масавыя ўцёкі з лагера ўстрывожылі фашыстаў. Мяжэвіч. // Парушыць спакой. Не бойся, любая, не бойся, Я не ўстрывожу твой спакой. Пысін. — Да рання далёка яшчэ, — устрывожыў сусед маўчанку і бліжэй прысунуўся да вогнішча. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам. Скрыпучыя дзверы. Скрыпучы снег. □ Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата. Брыль. Аднойчы раніцою Яўмен Шчырык павёз зяця на скрыпучай фурманцы да чыгуначнай станцыі. Пянкрат. // Рэзкі, падобны на скрып (пра голас, гукі). Скрыпучы голас. Скрыпучы смех. □ З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. За душу браў скрыпучы крык драча ў алешніку на рэчцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

значо́к, ‑чка, м.

1. Металічная пласцінка прамавугольнай, круглай або іншай формы з пэўным адбіткам, якую носяць на грудзях як знак прыналежнасці да той ці іншай арганізацыі, катэгорыі людзей, у памяць аб якой‑н. падзеі і інш. Камсамольскі значок. Універсітэце значок.

2. Фігура, чарцёж, малюнак з умоўным значэннем. Друкарскі значок. // Умоўная паметка. — Чакай, — затрымаў .. [Сяргея] Юрка. — Калі з хутара хто-небудзь пойдзе, я таксама пайду ўслед. Па дарозе буду чарціць палкай рымскія пяцёркі. Па гэтых значках і шукайце мяне. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Выклікаць у кім‑н. моцнае раздражненне, злосць; раз’юшыць. — Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла кветачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Шамякін. Канцавенькага гэта яшчэ больш раз’ятрыла: — От чаму гэтае гумно з хутара не зносяць!.. Арочка.

2. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; растрывожыць, развярэдзіць. Раз’ятрыць рану. // перан. Прычыніць маральныя пакуты. У хатах людзі пабойваліся ўспамінаць пра гэты страшны выпадак, каб не раз’ятрыць сваіх сэрцаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хутарскі́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)