бу́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Верх, пакрыццё воза, брычкі, карэты і пад. [Сімон] ужо хацеў загадаць, каб закладалі фаэтон і ставілі буду. Самуйлёнак.

2. Крыты дарожны воз. Балаголаўская буда адляскала коламі па лясной дарозе, выехала на палявы прастор і ўжо набліжалася да маіх родных аселіц. Сабаленка.

3. Шалаш, будан. Іншы раз стаўлялі ў лесе свае буды цыганы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які складае з кім‑, чым‑н. пару (у 1 знач.). Парная рукавіца. Парныя боты. □ Па вёсцы хадзілі парныя патрулі. Сабаленка. // Які складаецца з дзвюх аднолькавых частак. Коні ходзяць папарна.. ў парных баронах «зігзаг». Брыль. На пагорку ў ельніку праскакала спуджаная казуля, парныя сляды яе нагадвалі [праткнутыя] тонкай палкай дзіркі. Ляўданскі. // Размешчаны парамі, папарна. Парныя лісты.

2. Запрэжаны парай коней; прызначаны для запрэжкі парай коней. Паскрыпваючы рысорамі, лёгка праляцеў карны фаэтон Гунава. Самуйлёнак. Каня, што дрыжаў ад сцюдзёнай вапны,.. запраглі ў парныя сані аднаго. Корбан.

3. Які выконваецца, робіцца парай, парамі. Парны палёт. Парны разрад. □ Выконваецца гэты парны народны танец [балеро] і ва ўмераным і ў вельмі хуткім тэмпе. «Маладосць».

•••

Парны лік гл. лік.

па́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Душны, насычаны вільгаццю. Надыходзіла парная хмурная майская ноч — яўны прадвеснік навальніцы. С. Александровіч. Сонца адышло ад зямлі .. і настылая за ноч зямля дыхнула ў твар парным, цёплым духам. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павозка, воз, падвода, фурманка, калёсы, драбіны, параконка; дрында, калымага (разм.); калясніца (уст.) / для перавозкі людзей: каляска, пралётка, брычка, каламажка, двуколка, карэта, экіпаж, дыліжанс, кабрыялет, фаэтон, ландо, шарабан, рыдван, дрожкі; таратайка (разм.); лінейка (уст.) / для перавозкі грузаў: фургон, арба, мажара, кары, мары; фура (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)