запле́снець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і заплясне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца плесняй, цвіллю; зацвісці. Сцяна заплеснела. □ Сумка пачарнела ад часу, заплеснела, пакрылася пылам і павуціннем. Бяганская.

2. перан. Закаснець, адстаць, устарэць. Жывучы ў адной камеры з .. [Давідам], нельга было заплеснець нават і ў гэтыя змрочныя будні непагоднай восені. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)