уз... (а таксама уза..., ус...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць руху ўверх, напрыклад: узляцець; 2) напружанасць, сілу дзеяння, хуткае наступленне якога‑н. стану, напрыклад: узвіхрыцца, узрасці; 3) закончанасць дзеяння, давядзенне да якога‑н. стану або граніцы, звычайна з адценнем паўнаты, інтэнсіўнасці, напрыклад: узбоўтаць, уз’есціся.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыслоўяў і абазначае: на краі чаго‑н. або побач з чым‑н., напрыклад: узлесак, узмежак, узгорак, узмор’е, узбоч, уздоўж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Пазбаўляць ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы. Ратаваць жыццё. □ [Жанчына] працягнула дзіця. — Людзі добрыя! Дарагія мае!.. Ратуйце дзіця!.. Вазьміце сына майго. Яны гоняцца за намі... Шамякін. [Зіна:] — Я прашу падняць шклянкі за таго, з кім мы білі акупантаў... Хто нас ратаваў харчамі ў блакаду. Грамовіч. // Хаваць, засцерагаць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратаваць сена ад дажджу. □ Ад гарачыні не ратуе нават лес — ён стаіць узбоч дарогі, бы нежывы, цёмны, змораны, вялы. Сачанка.

•••

Няхай бог ратуе гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пану́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго. Прымушаць рабочую жывёлу рухацца хутчэй; нокаць. Чорныя, закураныя цыганы — старыя і маладыя — у клёшных штанах, запыленых хромавых ботах, паважна крочаць узбоч вазоў, панукаюць гладкіх коней. Навуменка. — Но-но, маленькі! — па-гаспадарску клапатліва панукваў.. [Ваня] каня. Паўлаў. // перан.; каго і без дап. Падганяць каго‑н. у рабоце. Хлопцы добрыя, не трэба панукаць. І справу ведаюць... Мыслівец.

2. перан.; кім і без дап. Дэспатычна распараджацца, не лічыцца з кім‑н.; папіхаць. [Касперскі:] Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ство́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад. Расчыняюцца створкі дзвярэй, з рашучым выглядам заходзіць жонка, на руках у яе ватняе паліто, зімовая шапка. Навуменка. Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука, І пад яе прыгожым рухам Узбоч плывуць дзве створкі духам. Колас. Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Гартны. / Пра часткі люстэрка, шырмы і пад. // Кожная з дзвюх палавінак ракавіны некаторых беспазваночных. Калі па неасцярожнасці [людзі] траплялі нагамі ў расчыненыя створкі,.. патрывожаны малюск хутка закрываўся. Матрунёнак. // Кожная з палавінак каробачкі некаторых раслін, якая растульваецца пасля паспявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)