То́ня ’ўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́ня ’частка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)