маскара́д, ‑у, М ‑дзе, ж.

1. Баль, вечар, на які прыходзяць у масках і спецыяльных касцюмах; касцюміраваны баль. Шэметы збіраліся на навагодні студэнцкі маскарад. Лобан.

2. Незвычайны касцюм, убор, які мяняе чый‑н. знешні выгляд. На Пылі было кароценькае футра і доўгая чорная спадніца. На галаве зграбны капялюшык і густая чорная вуаль .. — Не хацела, каб твая гаспадыня бачыла, што да цябе заходзіла яўрэйка, — так растлумачыла .. [Пыля] мне свой маскарад. Асіпенка. // перан. Аб прытворстве, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Маскарад буржуазных выбараў.

[Фр. mascarade ад іт. mascherata.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшарпаць.

2. у знач. прым. Падраны, зношаны, абадраны, абабіты. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны.., абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты. Навуменка. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села ля яго. Краўчанка. // Адзеты ў падранае, паношанае адзенне, у рызманы. Толькі позняй раніцай, калі людзі ўжо даўно паснедалі, чатыры незвычайныя падарожнікі, абшарпаныя і галодныя, дабраліся да горада. Няхай. Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядаў на абшарпанага маладога чалавека. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Дакумент, які дае права праезду, уваходу, карыстання чым‑н., атрымання чаго‑н. (часцей за плату). Білет [у Лены] быў на руках, але да цягніка аставалася многа часу, і трэба было як мага разумней скарыстаць яго. Скрыган. [Базыль:] — Трэба пайсці ў праўленне, унесці адпаведную суму грошай і выпісаць [лесарубны] білет. Сіняўскі.

2. Дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго‑н. да палітычнай або грамадскай арганізацыі. Партыйны білет. Прафсаюзны білет. Камсамольскі білет. // Дакумент, які сведчыць пра адносіны яго ўладальніка да якіх‑н. абавязкаў, навучальнай установы і пад. Ваенны білет. Студэнцкі білет. Адпускны білет.

3. Лісток з пытаннямі для тых, хто трымае экзамен. [Вера] і Валодзя разам увайшлі ў аўдыторыю, разам узялі білеты. Арабей.

•••

Банкаўскія білеты — крэдытныя знакі грошай, якія выпускаюцца эмісійнымі банкамі і замяшчаюць металічныя грошы ў якасці сродку абароту і плацяжу.

Белы білет — пасведчанне аб вызваленні ад ваеннай службы.

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі пра палітычную ненадзейнасць яго ўласніка, які закрываў доступ у дзяржаўныя, навучальныя і інш. ўстановы.

Жоўты білет — пашпарт на жоўтым бланку, які ў дарэвалюцыйныя часы выдаваўся прастытуткам.

Зваротны білет — білет, які дае права на праезд у два канцы, туды і назад.

Казначэйскія білеты — а) у капіталістычных краінах — назва неразменных на каштоўныя металы папяровых грошай, якія выпускаюцца ў абарот фінансавымі органамі дзяржавы апрача эмісійных банкаў; б) у СССР — грашовыя знакі вартасцю ў 1, 3 і 5 рублёў, якія выпускаюцца для размену банкаўскіх білетаў (вартасцю ў 10, 25, 50 і 100 рублёў).

Крэдытны білет (уст.) — папяровы грашовы знак.

Латарэйны білет — картка, лісток, якія даюць права на ўдзел у латарэі.

[Фр. billet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)