гу́шча, ‑ы, ж.

1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.

2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.

3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.

4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́р 1, ‑у, м.

1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.

зато́р 2, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.

2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грамада, натоўп, гурт, чарада, кампанія, скопішча; талака, купа, купка, ватага, арава (разм.); брація (разм. жарт.); шаць, хеўра (разм. зняваж.); гурма (абл.); дружына, куча, кучка, гурба, кагал, капэла, рой, арда (перан.) / рабаўнікоў, забойцаў: банда

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)