пало́нік 1, ‑а, м.

Тое, што і апалонік ​1. Словы ветэрынара ўзрадавалі хлопцаў. Яны збегалі да сажалкі, накапалі чар вякоў, налавілі палонікаў. І жаўтароцік крыху пажвавеў. Сіняўскі.

пало́нік 2, ‑а, м.

Тое, што і апалонік ​2. Мужык узяў палонік, якім аладкі наліваюць, разоў дзесяць апусціў яго ў чыгунок, і той адразу апусцеў. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад вільгаці і цяпла; згнісці, сатлець. [Дзядзька:] — Вы бачылі, мужчыны, жыта якое наша. Усё сапрэла. Сергіевіч. Дзед кажа, што гэта ўжо бярвенне ўсярэдзіне сапрэла на парахню. Сабаленка.

2. Змакрэць ад поту. [Патржанецкі:] — У мяне сапрэлі ногі. Я не разуваўся трое сутак. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Накладваць пластамі адзін на другі. Усходні вецер круціць сухі снег, гоніць яго з поля па роўнай белай пасцелі і пластуе гурбы каля платоў вёскі. Сергіевіч.

2. Разнімаць, дзяліць на пласты. Пластаваць мяса. □ Расказвай жа, як жывеш. Выкладзі праўду крутую... Ці не ступіўся лямеш. Што цаліну пластуе? Макаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхрабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Набрацца храбрасці; асмялець. А вось аднойчы, як Ваня расхрабрыўся і правёў дзяўчыну з суседняй вёскі, там палічылі, што ён больш не прускі жыхар, а іх. Сергіевіч. Выпіла і яна, Зося. І расхрабрылася. Пазірала-пазірала на Аўгена Лявонавіча і раптам запыталася: — Аўген Лявонавіч, а хто такая Фру-фру? Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца на дзяснах (пра зубы). У дзіцяці нарэзаліся зубы.

2. Разм. Напіцца дап’яна. [Мужчына:] — Толькі ў бутэльку [старшыня] і глядзіць: сёння п’яны, учора нарэзаўся, дык аж вуліца яму вузкая была. Сергіевіч. У абедзенны перапынак Гушча сустрэў .. [Генадзя Курсевіча] ля магазіна. — Нарэзаўся.. Эх ты, — сказаў ён, крануўшы Генадзя за плячо. — І напіўся... А што... Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́ша, ‑ы, ж.

Груз, які пераносіцца на сабе. За плячыма ў чалавека была цяжкая ноша, а ў руках кіёк. Сергіевіч. А ноша ў нас не малая: у руках кош з булкамі, на галаве бляха з пірожнымі. Гурскі. // перан. Усё тое, што абавязан хто‑н. выканаць, здзейсніць. Узяць ношу не па плячу. □ Нялёгкая ноша лягла па плечы дваццаціпяцітысячніка Лісіенкі. «ЛіМ». // перан. Аб чым‑н., што прычыняе клопат, турботы. О неспакойная ноша Думак заўжды маладых, Скарбу ўпарты пошук, Першай удачы сляды! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́лубка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Спец.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апалубіць.

2. Р мн. ‑бак. Драўляная ці металічная форма, якая ўжываецца пры бетонных і жалезабетонных збудаваннях і знімаецца пасля зацвярдзення бетону. Адны папраўлялі апалубку, рыхтуючы яе да ўкладкі бетону, другія вязалі арматуру, счышчалі снег, разраўноўвалі замёрзлую зямлю. Хадкевіч.

3. Р мн. ‑бак. Абшыўка, абкладка знадворных частак збудавання. [Старшыня калгаса:] — Я вось і прыйшоў параіцца з вамі, як лепш рабіць, ці апалубкай, ці, можа, рыхтаваць цэментныя пліты ды выкладаць іх. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая, звычайна бязводная прастора з беднай расліннасцю або без расліннасці. Пустыня Сахара. Пустыня Каракумы. // перан.; якая або чаго. Прастора, якая рассцілаецца на вялікую адлегласць. Снежная пустыня. □ Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою. Колас.

2. перан. Бязлюднае, разбуранае, зруйнаванае месца. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Чорны. — Вясна наступіла, а ў мяне ні кала, ні двара. Пустыня, — скардзілася трэцяя [жанчына], — страха цячэ, як рэшата. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́чта, ‑ы, ДМ ‑чце, ж.

1. Высокі слуп або высокае стальное збудаванне на суднах для мацавання парусоў, назірання, сігналізацыі і пад. Хоць бы дымок на гарызонце, ветразь. Хай бы саюзніцкага карабля Нам мачта паказалася здаля. Зарыцкі.

2. Вышынная канструкцыя для падвешвання электрычных правадоў, для мацавання антэн радыёстанцый, для сігналізацыі і пад. З правага боку ўзносілася ў неба вялікая пражэктарная мачта. Васілёнак. Каля лагера паднялася чатырнаццаціметровая мачта, а наверсе яе развяваўся чырвоны сцяг лагера «Дружны». Сергіевіч.

•••

Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на судне.

[Ад гал. mast.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.

2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)