Се́ркасера, sulfur’ (Шат., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Янк. 1, Бес., Мат. Маг.), ‘малодзіва’ (Вешт.), ‘частка запалкі з серай’ (Шат., Мат. Маг.). Гл. сера. У гэтай форме, напэўна, таксама як і ўкр. сі́рка, акамадацыя польск. siarka; аб украінскім слове гл. Трубачоў, Этимология–1968, 38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́рнік1 ‘запалка’ (ТСБМ; Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк.), се́рнікі ‘запалкі’ (ТС, ПСл, Сл. ПЗБ), се́ркі ‘тс’ (Касп.), сернічо́к ‘запалка’ (Нас.), се́рніцы ‘запалкі’ (Сл. ПЗБ), сярні́чка ‘запалка’ (Бяльк.), сірня́кі ‘тс’ (Бяльк.), се́рчыкі ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Да се́рны, серка, сера (гл.) з розным суфіксальным афармленнем.

Сернік2 (серпикъ): “серникъ, или чернинькая, надъ деревьями и по полямъ летающая птичка” (Меер Крыч.). Няясна, магчыма, се́ўка, сі́ўка ‘Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.), параўн. укр. си́вка ‘Charadrius morinellus L.’, тады да серы ‘шэры’ (гл.), параўн. укр. сірий кінь ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ратак ’жар у печы’ (Жд. 2, Шатал.). Рус. дыял. паўн. жера́ток, ’заглыбленне ў печы для жару’, жара́ток ’тс’, ’прысак’, н.-луж. žoratk, žoratki ’жар, прысак’, польск. żarzątek ’жар’, серб.-харв. жера́так памянш. ад жера ’жар’. Ст.-рус. жератъкъ ’прысак, сера, смага’, жаратъкъ, жаратникъ ’заглыбленне ў печы для жару’ (з XVII ст.), ц.-слав. жаратъкъ ’тс’, ст.-бел. («Александрыя» XVII ст.). Ваян (Gram. comp., IV, 702) тлумачыць як назоўнік, суадносны з прыметнікам на ‑ат‑ (паралельна з засведчанымі ў ст.-слав. утварэннямі на ‑av: жеравъ), утвораны з дапамогай ‑ъкъ. Аб пашырэнні слова ў паўн.-рус. гаворках і вар’іраванні гл. Дзярагін, Этимология, 1966, 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ‘задняя частка тулава ў рака, насякомых’ (брасл., паст., драг., Сл. ПЗБ), перан. ‘камель (снапа)’ (віл., навагр., баран., Сл. ПЗБ), ‘ніжняя частка ступы’ (драг., Сл. ПЗБ), сра́чка перан. ‘частка бульбіны, якая не мае зародкаў парасткаў’ (шальч., Сл. ПЗБ), таксама сра́ка, сра́чка ‘пятка яйца’ (ЛА, 1). Укр., рус. сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’, польск. sraka ‘тс’. Дэрыват ад прасл. *sьrati ‘cacare’, параўн. сраць, укр. сра́ти, рус. срать, польск. srać, в.-луж. srać, н.-луж. sraś, чэш. sráti, славац. srať, серб.-харв. сра̏ти, славен. sráti, балг. сера́, макед. сере. Прасл. *sьrati, *serǫ звязана чаргаваннем галосных з сур (гл.), рус. сор ‘смецце’. Роднасныя: лат. sãrņi ‘адкіды, бруд’, ст.-інд. śárdhate ‘псаваць паветра’, авест. sairya‑ ‘гной, памёт’, фрыз. skern ‘экскрэменты’ (Покарны, 947–948). Параўнанне з ст.-інд. sárati ‘цячэ’, sarás ‘рэдкі’, лац. serum ‘сыроватка’ (Младэнаў, 578; Махэк₂, 571) Фасмер (3, 740) лічыць менш верагодным. Усё да і.-е. кораня *sk̑er‑ ‘спаражняцца’; гл. Шустар-Шэўц, 1347–1348; Глухак, 573; Скок, 3, 315; Бязлай, 3, 303; ЕСУМ, 5, 396–397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смала́1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)