фае́, нескл., н.

Памяшканне ў тэатры, кіно, канцэртным зале і пад., прызначанае для адпачынку гледачоў ці слухачоў у час перапынку або да пачатку канцэрта, спектакля. Тэатр гарадскі да здачы быў гатоў. Усё ў будынку прыгажосцю захапляла: І сцэна, і фае, і зала. Корбан. Сеанс пачынаўся праз мінуту, і .. [Сярдзюк] амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Карпаў.

[Фр. foyer — ачаг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.

2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.

3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)