адспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
Кончыць спяваць. Адспявалі жнеі На палях шырокіх. Глебка. Дні нязменнымі шляхамі Сабіраліся ў страі. Перайшла вясна садамі, Адспявалі салаўі. Броўка. // Не змагчы спяваць па якой‑н. прычыне. [Лабановіч:] — Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць? — Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прымоўк, ‑ла; зак.
Разм. Спыніць размову, спевы, крык і пад.; прыціхнуць, замоўкнуць. Старая зразумела, што хлапец не хоча сур’ёзна адказваць на яе пытанні, таму зноў прымоўкла. Кулакоўскі. У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас. Быкаў. Салаўі адразу ж прымоўклі — мусіць, пераканаліся, што жаб перакрычаць сёння ім не ўдасца. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́скаш, ‑ы, ж.
Тое, што і раскоша. Які тут [у Вільні] рух і беганіна! Як ззяюць вокны магазінаў! І колькі тут дабра, багацця! А колькі слёз у ім, пракляцця? Якія брычкі і карэты! А для каго ўся роскаш гэта? Колас. А чаму спяваюць салаўі? А таму, што жывуць у роскашы, на свабодзе. Бялевіч. Улетку жыць у курані было Лёньку роскаш. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Маладыя дрэвы, кусты і пад., якія выраслі ў лесе сярод дрэў іншай пароды. За просекай то тут, то там зелянеў бярэзнік з лазовай падсадай. Асіпенка. У астатнія ж дні не вылазіла [маці] з лесу: то збірала грыбы і ягады, то зарабляла капейку — паліла лаўжы, акопвала на дзялянках падсаду. Сачанка. Навокал .. заходзяцца ў падсадзе салаўі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салаве́й, ‑лаўя, м.
1. Маленькая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая вылучаецца прыгожым спевам. У адным з найбліжэйшых альховых кустоў .. ізноў зацёхкаў непрыкметны салавей. Брыль.
2. перан. Разм. Пра чалавека, які славіцца чыстым, прыгожым, пераважна высокім голасам, вакальным майстэрствам. // Іран. Пра гаваруна, балабона, які прыгожа гаворыць, многа абяцае.
3. Разм. Адзін з інструментаў у шумавым аркестры, які складаецца з рэзервуара, запоўненага вадой, і адводнай трубкі, што заканчваецца свістком.
•••
На душы салаўі — пра добры, вясёлы настрой.
Пець (залівацца) салаўём гл. пець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.
2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым і без дап. Утвараць адрывістыя кароткія гукі пры ўдары чым‑н. цвёрдым аб камень, метал і пад. Тонкія абцасікі басаножак гучна цокалі аб каменныя пліты. Асіпенка. Цокаюць па бруку капытамі коні. Галавач. Чуваць нават, як нехта клепле касу. Лясь-лясь-лясь! — цокае малаток па бабцы. Паўлаў.
2. Утвараць кароткія, звонкія гукі (пра птушак, звяроў і пад.). Цокаюць, рассыпаючы навокал малінавыя пошчакі, салаўі. Сачанка.
цо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Не адрозніваць гукі «ц» і «ч» або змешваць іх пры вымаўленні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́ха,
1. Прысл. да ціхі.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.
3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.
4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; незак.
1. каго-што. Дакранаючыся да чаго‑н., прыводзяць у рух. Ціхі вецер вее І траву варушыць. Астрэйка. // перан.; што. Выводзіць са стану спакою, узбуджаць. Словам дакорным маці боль несціханы варушыць. Глебка. А як яны варушылі, пераварочвалі сэрца, гэтыя салаўі. Васілевіч.
2. чым. Рухаць павольна, злёгку. На другім канцы стала, загарнуўшы кніжку, бязгучна варушыла губамі Наташа — вучыла верш. Шахавец.
3. што. Злёгку разграбаць; пераварочваць. Варушылі зерне, каб яно падсыхала, перавейвалі, сартавалі. Скрыган. Каржакаваты з абветраным тварам і пышнымі вусамі мужчына час ад часу варушыць суком падгарэлае паленне. Курто.
•••
Варушыць (круціць) мазгамі (галавою) — разважаць, абдумваць. З зямлёю клопат быў вялікі. Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. Колас.
Варушыць памяць — напамінаць аб кім‑, чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)