по́чырк, ‑у, м.
Уласцівая каму‑н. манера пісьма. Своеасаблівым уборыстым, але даволі выразным почыркам спісаны старонка за старонкай у агульных сшытках і самаробных запісных кніжках. С. Александровіч. Бацька пісаў буйным прыгожым почыркам. Чарнышэвіч. // перан. Спосаб, стыль дзейнасці, характэрны для каго‑н. У .. рэжысёрскім почырку своеасабліва спалучаюцца фантастыка і рэалізм. «ЛіМ».
•••
Канцылярскі почырк — выразны, аднастайна прыгожы почырк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыты́чны I (содержащий в себе критику) крити́ческий;
к. падыхо́д — крити́ческий подхо́д;
○ к. рэалі́зм — крити́ческий реали́зм
крыты́чны II (переломный) крити́ческий;
○ ~ная тэмперату́ра — крити́ческая температу́ра;
к. стан рэ́чыва — крити́ческое состоя́ние вещества́
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
крыты́чны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які заключае ў сабе крытыку (у 1, 3 знач.), з’яўляецца крытыкай. Крытычныя заўвагі. Крытычны артыкул. Крытычная літаратура.
2. Здольны крытычна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Крытычны розум. □ У гэтым абуджэнні крытычна[й] думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.
•••
Крытычны апарат гл. апарат.
Крытычны рэалізм гл. рэалізм.
крыты́чны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў стане крызісу; пераломны. Крытычны момант хваробы. □ Той ўзрост, калі мінула трыццаць і такія грукаюць гады, што сталым хоць і не час лічыцца, ды назвацца нельга маладым, — той ўзрост крытычны, ў тым узросце ў сябе пытаюцца часцей: ці зрабіў, што мог бы ў маладосці, і якім імкненнем жыць далей? Русецкі.
2. Вельмі цяжкі, небяспечны. Крытычнае становішча. □ Партызанская зухаватасць, якая ў крытычны момант ратавала не аднаго партызана, памагла і тут. Карпюк.
•••
Крытычная тэмпература гл. тэмпература.
Крытычны стан рэчыва гл. стан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раша́ючы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрысл. незал. цяпер. ад рашаць.
2. у знач. прым. Найбольш істотны, галоўны, асноўны. Рашаючы год пяцігодкі. □ Творчасць Пушкіна, Тогаля, Някрасава і іншых выдатных рускіх пісьменнікаў адыграла рашаючую ролю ў барацьбе перадавых беларускіх пісьменнікаў за рэалізм. Барысенка. // Які з’яўляецца канчатковым рашэннем, уяўляе сабой канчатковае рашэнне. [Васіль] ведаў, што слова Антося будзе рашаючае, і таму з нецярпеннем чакаў, пакуль той пачне гаварыць. Дамашэвіч.
•••
З рашаючым голасам гл. голас (у 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сацыялізма (у 1 знач.). Сацыялістычная вытворчасць. Сацыялістычная сістэма. Краіны сацыялістычнай садружнасці. □ Раніцаю з’езд абраў Савецкі ўрад на чале з Леніным. Так пачалася новая, сацыялістычная эра ў гісторыі чалавецтва. Гурскі. // Заснаваны на прынцыпах сацыялізма (у 1, 2 знач.). Сацыялістычны лад. Сацыялістычная дзяржава. □ Сацыялістычнае грамадства стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для збліжэння дыялектаў і растварэння іх у агульнанароднай мове. «Працы».
2. Уласцівы грамадству, заснаванаму на прынцыпах сацыялізма. Сацыялістычная індустрыялізацыя. Сацыялістычная эканоміка. Сацыялістычная законнасць. Сацыялістычнае будаўніцтва. □ [Максім:] — Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі. Колас. // Які мае мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах сацыялізма (у 2 знач.). Буржуазія.. з’яўляецца такой жа неабходнай папярэдняй умовай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і сам пралетарыят. Энгельс.
3. Які адпавядае прынцыпам сацыялізма (у 1, 2 знач.), прасякнуты ідэямі сацыялізма. Сацыялістычныя адносіны да працы. Сацыялістычны гуманізм. Сацыялістычная мараль.
4. Які мае адносіны да сацыял-дэмакратыі.
•••
Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Сацыялістычнае спаборніцтва гл. спаборніцтва.
Сацыялістычная ўласнасць гл. уласнасць.
Сацыялістычны рэалізм гл. рэалізм.
Сацыялістычны ўклад жыцця гл. уклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эстэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Філасофскае вучэнне аб мастацтве як асобым відзе грамадскай ідэалогіі, прысвечанае даследаванню ідэйнай сутнасці і форм прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і ў жыцці. Марксісцка-ленінская эстэтыка. // Сістэма поглядаў на мастацтва ці які‑н. яго від, якой хто‑н. прытрымліваецца. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын. Для эстэтыкі Багушэвіча былі характэрны пошукі праўды, імкненне мастацкім словам сказаць народу праўду аб яго цяжкім сацыяльным становішчы. Конан.
2. Прыгажосць, мастацкасць чаго‑н. Як бачым, праблем, звязаных з эстэтыкай архітэктуры, удасканаленнем мастацкага аблічча беларускай сталіцы — многа. «ЛіМ».
[Ад грэч. aisthētikós — які адчувае, успрымае; пачуццёвы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́на, ‑ы, ж.
1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.
2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.
2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.
3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.
4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.
•••
Кроўная крыўда гл. крыўда.
Кроўная помста гл. помста.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)