расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.
2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.
3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.
4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пук 1, ‑а, м.
1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.
2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.
3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.
пук 2, ‑а, м.
Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)