Рага́ч1 ’вілы з двума рагамі’ (Сцяшк., ЛА, 2), ’вілкі, якімі ставяць (або вымаюць) у печ чыгуны’ (ТСБМ, Выг.). Да рог1 (гл.).

Рага́ч2, ’драўляная саха’ (ТСБМ), ’частка сахі’ (ТСБМ, Выг., Янк., Сержп., Дзмітр., Дэмб. 2), рагачы́ ’ручкі плуга’ (Выг. дыс.), рус. дыял. рога́ч ’ручка ў сахі’. Ад рог1 (гл.). Падабенства па форме.

Рага́ч3 ’вывернуты корань дрэва’ (ТСБМ). Ад рог1 (гл.).

Рага́ч4 ’самец-алень або іншая жывёліна з рагамі’ (ТСБМ), укр. рога́ч ’самец-алень’, в.-луж. rohač ’жывёліна з рагамі’. Ад рог1 (гл.), параўн. рога́та ’карова з вялікімі рагамі’ (ТС).

Рага́ч5 ’ражон, кол з сучкамі’; зборн. рагаччо́ (рогаччо́) ’колле няроўнае і сучкаватае’ (Нас.), ’дзяркач’ (ігн., Сл. ПЗБ). Мае не зусім ясныя адносіны да рог1 (гл.). Магчыма, паводле знешняга падабенства з вострымі, тырчачымі ў розныя бакі галінкамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі. Метрах у шасцідзесяці ад берага бездапаможна тузаўся чалавек. Лынькоў. Воўка тузаецца, заходзіцца ровам і наровіць вылузацца з няньчыных рук. Васілевіч. Цяпер жа, змораны, .. [конь] часта кволіўся, збіваўся са свае сцежкі, тузаўся ў аглоблях. Якімовіч. // Рабіць сутаргавыя рухі; уздрыгваць. Кулі бзыкалі блізка ад Толевых гарачых шчок, галава, здаецца, сама тузалася ў бакі, а Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму. Брыль.

2. Разм. Мучыцца, робячы што‑н. Не адзінокі хлебароб тузаецца на .. [калгасных палях] з худым конікам, не адзінокая жняя-гаротніца выжынае сваю вузкую палоску. Працу вядзе грамада. Хадкевіч. // з кім-чым. Шмат, доўга займацца кім‑, чым‑н. Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай і раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Брыль. // Імкнуцца, спрабаваць што‑н. рабіць. — У [Сашы] маці і дома ўсё дагледзець, і тут яшчэ паможа, і малыя, як мурашкі, тузаюцца ўжо нешта рабіць. Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць адзін аднаго, біцца, змагацца. Учапіўшыся адзін аднаму ў валасы, .. [хлапчукі] тузаліся, падалі і зноў, як пеўні, браліся за чубы. Ваданосаў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. // Мерацца сілай, дужацца. Барцы тузаліся ўжо ля дзвярэй, зачапілі нагамі рагачы ў прыпечным закутку, і яны з глухім лязгатам пасыпаліся долу. Б. Стральцоў. // Важдацца з кім‑н. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль .. [Агата], чуючы, што траціць волю сваю перад ім, не прагнала .. [Асташонка]. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)