прыго́нны², -ая, -ае.

1. гл. прыгон².

2. Які адносіцца да грамадскага ладу, пры якім памешчык меў права на прымусовую працу, маёмасць і асобу, прымацаваных да зямлі і належачых яму сялян.

Прыгоннае права (грамадскі лад, заснаваны на такім праве памешчыка). Прыгонная гаспадарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кре́пость​IV ж. (крепостная зависимость) ист., прост. прыго́н, -ну м., па́ншчына, -ны ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

папрыпі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прыпісаць усіх, многіх або ўсё, многае. Папрыпісваць прозвішчы ў спісы. Папрыпісваць дапрызыўнікаў да прызыўных участкаў. □ Цар папрыпісваў іх [людзей] вёскамі да рудных промыслаў, прымушаючы адбываць прыгон. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Няво́ля ’няволя, плен’ (Яруш., Ян.), ’прымус’ (Нас., ТС), ’прыгон, услужэнне’ (ТС), ’цяжарнасць’ (Ян.). Да воля; да апошняга значэння гл. таксама нявольная ’цяжарная’, параўн. несвабодная ’тс’, ст.-слав. непраздна ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагонка ’ўшчуванне’: Дырэктар прыдзе, нагонку дасць (Крапіва). Наўрад ці звязана з польск. nagonka, naganka ’загон жывёл пад стрэлы паляўнічых, што сядзяць у засадзе’, хутчэй самастойнае ўтварэнне ад гнаць, параўн. наганяць ’насварыцца’ (Нас.), нагонка ’прыгон жывёлы на рынак’, ’даганянне’ і ’строгая вымова’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

маёнткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.

2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́мшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.

2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слу́жба ‘работа, заняткі; месца работы’, ‘богаслужэнне’, ‘выкананне воінскіх абавязкаў’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Шат., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. служба ‘выкананне воінскіх абавязкаў; прыгон, прымус; богаслужэнне, выкананне святарскіх абавязкаў’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 67–68). Параўн. укр., рус. слу́жба, стараж.-рус. служьба, польск. służba, серб.-харв. слу́жба, славен. služba, балг. слу́жба, макед. служба. Прасл. *služьba, утворана ад *služiti ‘служыць’ з суф. ‑ьb(a); гл. Слаўскі, SP, 1, 61; Махэк₂, 557.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разго́н 1 ’гвалтоўнае рассейванне тлуму’, ’рух з паступова нарастаючай скорасцю’ (ТСБМ), ’размах’ (Касп.), ’разбег’ (ашм., Стан.). Ад раз- і гнаць, ганяць (гл.).

Разго́н 2 ’пасаг маладой у выглядзе гаспадарчай маёмасці, статак’ (Федар.). Магчыма, семантычная інавацыя на базе разагнаць, разагна́цца, г. зн. даць асновы і стымул для далейшага развіцця сямейнай гаспадаркі. У песні чаргуецца з прыгон, параўн.: Wyżań swuoj razhòn, wyżań swuoj pryhòn, / katory da minie nahnàła (там жа). Розныя тыпы пасагу?

Разгон 3 ’расліна расходнік, Glechoma hederacea L.’ (Касп.). Відаць, сінанімічнае ўтварэнне да асноўнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)