пахо́д¹, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Перамяшчэнне войск або флоту з якой-н. мэтай.

Полк выступіў у п.

2. Ваенныя дзеянні супраць каго-н.

Крыжовыя паходы.

3. Арганізаванае падарожжа ці далёкая прагулка, а таксама наогул сумесны рух групы асоб з пэўнымі мэтамі, заданнямі.

Турысцкі п.

П. па месцах баявой славы.

4. Арганізаванае або загадзя намечанае наведванне чаго-н.

Калектыўны п. у кіно.

|| прым. пахо́дны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Ісці паходным маршам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пуцяві́на, ‑ы, ж.

Паэт. Шлях, дарога. Эх, сябры, не блага Успомніць час ад часу Пра баі, адвагу, Пра паходы нашы І агледзець святам Свой шынель і боты, У якіх багата Пуцявін прайшоў ты. Танк. Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрапі́ць, акраплю, акропіш, акропіць; зак., каго-што.

Апырскаць, накрыць кроплямі чаго‑н. Акрапіць вадою. Акрапіць расою. □ Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся, Ці, мо, акрапілі бягучыя воды, Што ўсе адпачынкі... Ў жыцці размяняў на вандроўкі, паходы. Танк. // Разм. Выпіўшы віна, адзначыць што‑н. Для завяршэння ладнай справы Хадыка выняў штось з-пад лавы, І ставіць ён на стол.. бутэльку. Каб акрапіць сваю зямельку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурмавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штурму (у 1 знач.), з’яўляецца штурмам. Вораг не вытрымаў штурмавой атакі. «Маладосць». Старэйшыя браты ўжо ад’язджалі На Днепрабуд, Магнітку і Кузбас. Лісты іх пра паходы штурмавыя Спакойна не давалі нам заснуць. Панчанка. // Звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем штурму, прызначаны для штурму; які складаецца з штурмавікоў (у 2 знач.). Былі такія хвіліны, што Мікіта Бранавец сам ішоў уперадзе штурмавых груп. Кулакоўскі. Зрэшты, і мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Брыль. // Прызначаны для штурму з паветра. Штурмавая авіяцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кардо́н 1, ‑у, м.

1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.

2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.

[Іт. cartone.]

кардо́н 2, ‑а, м.

1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.

2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.

3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.

[Фр. cardon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)