Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2-3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Засце́нак1 ’месца жорсткіх катаванняў у Маскоўскай Русі’ (> ’месца катаванняў’). Рус. засте́нок ’тс’, дыял. ’перагародка’, ’месца каля дома’, польск. уст. zaścianek ’засек’, ’часовы карцэр, адгароджаны ў хаце’. Параўн. засценак2, дзе іншыя слав. адпаведнікі. Бел. засце́нак1 з рус., дзе адбывалася семантычная спецыялізацыя на базе ’месца за сценкай’, Шанскі, 2, З, 64.

Засценак2 ’хутар дробнай шляхты, якая арэндавала землі, што не ўвайшлі ў сялянскія надзелы ў Рэчы Паспалітай пасля 1557 г.’ Рус. смал. засте́нок ’неакрэсленая мера плошчы’, ’палоска нівы’, валаг. смал. ’месца каля дома’, польск. zaścianek ’вёска, хутар, у якой жыве дробная шляхта’, чэш. zástěnek ’закутак, месца за сценкай, тэраса’. Ст.-рус. застѣнокъ ’частка царквы’ (XI ст.), ’месца паміж дзвюма сценамі ўмацаванага горада’ (XVII ст.). Значэнне засценак2 указвае на польск. як крыніцу запазычання з далейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль (ě > e). Утворана, відаць, у зах.-слав. ад stěna (гл. сцяна) конфіксам *za‑ + ‑ъkъ (параўн. завулак, засенак, закамінак, застрэшак, Сцяцко, Афікс. наз., 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)