ро́хкаць, ‑ае; зак.

Утвараць гукі «рох-рох» (пра свіней). — Вось там, на бульбянішчы, здаецца, нешта рохкала, — паказваў Аляксей на поле, — але я і падумаць не мог, што гэта ваш падсвінак. Пальчэўскі. Свіння рохкае, есці просіць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінчо́, ‑чаці, ДМ ‑чаці, Т ‑чом, н.

Разм.

1. Падсвінак. [Соль] бераглі толькі для важных патрэб: саліць агуркі, капусту або сала, калі ўдавалася выгадаваць якое свінчо. Якімовіч. З жыўнасці ў двары — адна карова, ні свінчаці, ні кураняці няма. Навуменка.

2. перан. Памянш. да свіння (у 2, 3 знач.). [Маці:] — Малады яшчэ, а свінчо такое... Пташнікаў. Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо, што мне трэба змоўчаць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цвісці (пра злакавыя расліны). — Лубін сеецца па жыце тады, калі жыта красуе, і лепш яго сеяць пад дождж. Пестрак. У агародах зелянелі каноплі, цвіў мак, красавала нізкарослае жыта. Лупсякоў. // Пышна развівацца, квітнець (пра расліны). На ўзгорку, бачылі ўсе праз вокны, каліна красавала белым цветам. Дубоўка. Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.

2. Тое, што і красавацца (у 2 знач.). Дочкі цвілі, Красавалі, як ружы. Дубоўка.

3. Тое, што і красавацца (у 3 знач.). Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак. Колас.

4. перан. Тое, што і красавацца (у 5 знач.). Красуй над светам, Рэспубліка Саветаў! Пушча. Красуй, ардэнаносная Краіна Беларусь! Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каб 1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб 2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)