Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)