Ла́дзіць (драг. лад́ытэ, целях. ла́діті) ’жыць у згодзе, дружбе’, ’дагаджаць, наравіць’, ’прыладжваць, уладкоўваць, прыводзіць у парадак’, ’быць прыдатным’, ’падрыхтоўваць, рыхтаваць’, ’мець намер’, ’настройваць інструмент’, ’рабіць зладжана’, ’рабіць, ствараць’, ’прыбудоўваць, прырабляць’, ’рамантаваць’, ’лавіць зручны момант’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Яруш., Яўс., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), браг. ’палоць у агародзе’ (Мат. Гом.), бяроз. ’гарадзіць плот’ (Шатал.), ’навіваць кросны’, драг. ’складваць, упарадкоўваць снапы ў гумне’ (Сл. паўн.-зах.); ла́дзіцца ’прымошчвацца’, ’каварна рабіць што-небудзь’, ’навучыцца ў працэсе практыкі’, ’наладжвацца’, ’ісці на лад’, ’збірацца, наважвацца, рыхтавацца зрабіць што-небудзь’, ’шанцаваць’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., КЭС, лаг.). Адыменнае ўтварэнне. Да лад (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

халасты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.

2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».

3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.

•••

На халастым хаду — упустую, марна.

Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.

Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагаджаць, гадзіць, наравіць, ладзіць, падладжвацца, падлашчвацца, выслужвацца, услугоўваць, выслугоўвацца, падслужвацца, увіхацца; падлагоджвацца, выдыгаць, выдыгацца, удыгаць, падлабуньвацца, падлізвацца, выстачаць (разм.), пад'язджаць, танцаваць, кадзіць (перан.) □ насіць на руках, гладзіць па поўсці, хадзіць на пальчыках, хадзіць на лапках, рассыпацца макам, слацца лістам, падаць лістам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

рассы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; заг. рассыпся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высыпацца адкуль‑н., раскідацца ў розныя бакі, рассеяцца. Цукар рассыпаўся. □ Ліпавы кошык ціха ўдарыўся аб зямлю, бязгучна рассыпаліся грыбы. Лынькоў. Яблыкі рассыпаліся — пакаціліся ў бульбоўнік. Даніленка. // Свабодна легчы (пра валасы). [Валасы], густыя і чорныя, рассыпаліся па плячах. Вітка. // перан. Размясціцца, раскідацца на якой‑н. прасторы. Вакол, куды ні глянеш, рассыпаліся хутары. «Маладосць». Між градамі флоксаў рассыпаліся рознакаляровыя астры. Дуброўскі. Мой горад па завулках Рассыпаўся ў бакі. Іверс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распасціся, разваліцца на дробныя часткі. — Будынкі старыя. На месцы яны стаяць, а крані — рассыплюцца. Галавач. Качка з сілай стукнулася ў акно, шыба зазвінела і рассыпалася на дробныя частачкі. Ляўданскі. // перан. Перастаць існаваць; распасціся. Рухнулі старыя Міхалавы ідэалы, рассыпаліся былыя надзеі, згінулі ранейшыя мары, пакінуўшы пасля сябе прыкрую памяць. Кудраўцаў. І раптам усё маё маленькае шчасце рассыпалася. Пянкрат.

3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся, разбегчыся ў розныя бакі. Натоўп рассыпаўся. □ З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу .. і рассыпаліся па хатах. Колас. // Разышоўшыся, размясціцца на адлегласці адзін ад аднаго. Перакур зацягнуўся гадзіны на тры. Нарэшце доўгачаканая каманда: — Рассыпацца ў ланцуг!.. Інтэрвал — два метры... Навуменка. // Разм. Перастаць жыць разам; раз’ехацца (пра ўсіх, многіх). Старая яго ўжо гадоў дзесяць як памерла, а дзеці, як.. [дзед Анупрэй] кажа, рассыпаліся па ўсім свеце. Якімовіч.

4. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы, .. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка. // Разнесціся, раздацца (пра частыя, перарывістыя гукі). Якраз у гэтую хвіліну артылерыйская кананада сунялася, і ў цішы, што настала, рассыпалася кароткая імклівая чарга кулямёта. Мележ. Стрыманы смех рассыпаўся сям-там у зале і прыціх. Хадкевіч.

5. Разм. Лісліва і шматслоўна выказаць што‑н., звычайна прыемнае для слухача (кампліменты, падзяку і пад.). Неўзабаве вярнуўся вусач і, забіраючы ад салдата вінтоўку, рассыпаўся ў падзяках. Машара.

6. Разм. Радзіць. [Язэпу] стала шкада Дашы. — Праз тыдзень я вярнуся. Ты ж сама казала, што яшчэ не хутка рассыплешся... Асіпенка.

рассыпа́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да рассы́пацца.

2. Зал. да рассыпа́ць.

•••

Рассыпацца дробным макам — лісліва дагаджаць, наравіць каму‑н., паддобрывацца да каго‑н.

рассыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да разаспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)