Мода ’пэўныя густы, звычаі, прывычкі (асабліва ў адзенні), у грамадскім асяроддзі’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат., Сл. ПЗБ), моды ’узор у клеткі на палатне’ (бяроз., Сл. Брэс.; ТС, Сцяц.), модзіць, модзіцца ’моднічаць, хітрыць’ (Сцяц., Сл. ПЗБ), модна, монна, модне ’незвычайна, мудрагеліста’ (Сл. ПЗБ). З польск. moda, якое пры пасрэдніцтве ням. мовы з франц. mode < лац. modus ’спосаб’, ’мера’, ’правіла’, ’прадпісанне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

піжо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Пусты малады чалавек, празмерна заняты сваім знешнім выглядам і апрануты вельмі модна; франт. Ёсць сярод нас такі задзірысты піжон — Штаны ў дудачку, чубок з-пад шапкі, А за каўнер вазьмі — папусціць нюні ён, — Ні прынцыповасці, ні смеласці, ні хваткі, Гатоў, як Бобік той, лізаць адразу пяткі. Валасевіч. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

[Ад фр. pigeon — голуб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ша, ‑ы, ж.

1. Празмерны дастатак, багацце. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлопец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. [Вера:] — Не з раскошы я дала згоду ісці за .. [Адама] замуж. Дамашэвіч. // Празмернасць у выгодах; камфорт. І вось цяпер .. за ўсю гэту раскошу, якой цэлае лета цешацца «дачнікі» — дальняя і блізкая радня — за ўсё гэта Міхал Няронскі расплачваецца. Васілевіч. // Што‑н. лішняе, не першай неабходнасці (пра прадметы, учынкі і пад.). — Я купіла табе самае лепшае мыла, самога Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... — Навошта гэта непатрэбная раскоша? Шамякін. — Зараз у нас рукі не цалуюць, не модна. Лічаць гэта панскай раскошай. Машара.

2. Пышнасць, велічнае хараство. — Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць, — смяяўся .. [Турсевіч]. Колас.

3. Багацце, пышнасць (прыроды, расліннасці). За акном буяў у раннямайскай раскошы сад. Ліс. Агародчык напаўняўся той раскошай, якой не мог не заўважыць кожны. Вітка.

4. Прастора, свабода. Пасля зазерскага і скобраўскага малазямелля і цеснаты — тут сапраўды была раскоша. Пальчэўскі.

5. у знач. вык. Разм. Пра тое, што выклікае задавальненне, захапленне. Стол — раскоша. На ім віно, гарэлка, закуска. Навуменка. — Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаеш, і ўсе навіны, і розныя парады... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)