пяча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і пячаць; невялікая пячаць. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі. Колас. На ўсім яшчэ ляжыць вельмі прыкметная жахлівая пячатка вайны. Бугаёў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
плед, ‑а, М ‑дзе, м.
Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая служыць пакрывалам. Ён, стары лорд, проста вось цешыцца скупымі ласкамі сонца, цеплынёй шатландскага пледа і гэтай утульнай і такой прыстойнай цішынёй галерэі. Лынькоў. Калі ж імжыла З нізкіх хмар, — Сялянскім простым пледам Захутваў плечы качагар Батрачцы з-пад Таледа. Багун.
[Англ. plaid.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
гандля́р, ‑а, м.
1. Той, хто займаецца прыватным гандлем; крамнік. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы, у якіх жывуць прыезджыя паны .. і гандляры-яўрэі. Брыль. Сымон прыехаў у Старочын рана. Гандляры толькі паадчынялі свае крамы. Чарнышэвіч.
2. Купец, перакупшчык. Самуіл Плаўнік працаваў на біржы досыць багатага гандляра лесам. Мікуліч.
3. перан. Пагард. Беспрынцыповы чалавек, які гандлюе сваім сумленнем, талентам, перакананнямі і пад. [Ярохін:] — Я не гандляр, містэр лорд! І на маёй радзіме сумленне не прадаюць. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.
2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)