апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)