паце́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.

Час ад часу злёгку сцепаць, рабіць сутаргавыя рухі (звычайна плячамі). Шура настаўляе каўнер пінжака, зябка пацепвае плячамі. Навуменка. Але прыходзілася ляжаць і толькі пацепваць плячамі, каб трохі сагрэцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Курчыцца некаторы час. Толькі цяпер Юрка адчуў, што замёрз, і зябка пакурчыўся. Карпаў.

2. Скурчыцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Настачка ўбачыла, што лісце на клёнах каля дома пакурчылася. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неабстраля́ны і неабстрэ́лены, ‑ая, ‑ае.

Які не быў у баях, не прывык да стральбы. Ядловец сённяшнюю аперацыю лічыў не вельмі сур’ёзнай, і на выкананне яе маглі ісці неабстраляныя хлопцы. Федасеенка. Вартавы, малады, неабстраляны яшчэ баец, зябка ўздрыгваючы, спыніў .. [веставога] на ўскрайку лесу. Асіпенка. Старшыня выносіць хлеб і сала, Выдае па норме канцэнтрат, І дарэчы ўспомніць, як бывала, Сам быў неабстрэлены салдат. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Старанна ўхутвацца ў што‑н., добра ўкрывацца. Адвыкшы ад свежага паветра, Рыгор зябка хутаўся ў каўнер кажуха. Крапіва. Дачка засмяялася, хутаючыся ў халат і па-дзіцячаму, кулачком, праціраючы заспаныя вочы. Шамякін. Людзей было небагата, тыя, хто заходзіў на прычал, хуталіся ў каўняры, хаваліся пад парасоны і неўзабаве сыходзілі. Мележ. // перан. Густа пакрывацца (туманам, імглой і пад.). Непрывабная сцюдзёная далячынь хуталася ў тумане. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кульга́вы, ‑ая, ‑ае.

1. З карацейшай ці балючай нагой. Вартаўнік, кульгавы дзед Антось, сядзеў на шырокай дубовай калодцы і зябка пазяхаў. Якімовіч. / у знач. наз. кульга́вы, ‑ага, м.; кульга́вая, ‑ай, ж. У кульгавага кій адабраць. З нар.

2. Разм. Са зламанай або карацейшай, чым другія, ножкай (пра рэчы). Шаройка сеў каля стала, абгледзеў хату, пахістаў кульгавы стол. Шамякін.

3. Разм. Больш кароткі, чым другі, другія (пра нагу, пра ножку чаго‑н.). — Базыль з’ездзіўся, бач, і стары, і лыжы паламаныя, — матнуў Базыль кульгавай нагой. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

холадна, зябка; сцюдзёна, знобка (абл.); дрогка (перан.) □ хоць сабак ганяй, хоць ваўкоў ганяй, як у лядоўні

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)