прылі́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прылізаць.

2. у знач. прым. Разм. Гладка зачасаны (пра валасы). Высокі, з прылізанымі светлымі валасамі і рабым тварам чалавек павярнуўся, узмахнуў капелюшом. Гамолка. [Кібрык] сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб .. [сваёй прыгажосці], бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Шыцік. // перан. Які мае празмерна акуратны выгляд. Арэшкін, мабыць, знарок штодзень праходзіў міма школы чысценькі, прылізаны, абпырсканы моцнымі духамі. Шамякін. Максім нават пашкадаваў, што не даў гэтаму прылізанаму пану добрай аплявухі. Машара. // перан. Прыгладжаны (пра літаратурныя творы, карціны і пад.). Падручнік не павінен быць прыгладжаны, прылізаны. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́к, прысл.

1. На адзін з бакоў. Галас, схіліўшы набок галаву, падышоў да мяне бачком. Колас. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Русыя валасы акуратна зачасаны набок. Алешка. Схапіўшыся за грудзі, дэсантнік пахіснуўся набок, ніцма ўпаў на зямлю. М. Ткачоў. // Набакір; накасяк. У пасаджанай набок новенькай шапцы з залацістай эмблемай чыгуначніка.. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны. // Убок (адкінуць, адставіць і пад.). Работай сагрэйся, калі халады, Не будзеш пахукваць на рукі тады. Набок — рукавіцы, ватоўку — набок. Бялевіч. Ад яго [Міколавых] удараў каскі Адлятаюцца набок. Броўка.

2. у знач. выкл. З дарогі; прэч. Пад’ехаў пан. — Набок! — крычыць мужыку. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)