сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за..., прыстаўка.

І. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) пачатак дзеяння, напрыклад: забарабаніць, забегаць, замахаць, засмяяцца, зашчоўкаць, захрапці; 2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напрыклад: забяліць, завязаць, запакаваць, зараўнаваць, засеяць, засохнуць, зацвярдзець, зачахнуць; 3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напрыклад: забавіцца, загаварыцца, заняньчыць, запрацавацца, захваліць, зацягаць; 4) накіраванасць дзеяння або руху — а) за прадмет, напрыклад: заехаць (за дом), зайсці (за сцэну) ; б) унутр, углыб, пад што‑н., наверх чаго‑н., напрыклад: запаўзці (у нару), залезці (пад стол), забрацца (на вяршыню гары); в) за межы чаго‑н., куды‑н. далёка, напрыклад: завезці (за мора), заслаць (на край свету); г) на край, паверхню прадмета, напрыклад: закусіць (яблык), зарэзаць (край дошкі); 5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем дзеяння, напрыклад: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае: на тым баку, ззаду або за межамі чаго‑н., напрыклад: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заморскі, зарэчны, заўчора.

III. Ужываецца пры ўтварэнні якасных прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае перавышэнне якасці, напрыклад: завельмі, завузкі, завялікі, загуста, замнога, занадта.

IV. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў і абазначае: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напрыклад: засветла, зацемна, зацепла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аж,

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для інтанацыйнага вылучэння слова ці словазлучэння, да якога адносіцца. Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху. Зарэцкі. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Лынькоў. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Чорны. // Падкрэслівае самую крайнюю мяжу выяўлення якой‑н. уласцівасці. За гаем, на полі, аж да самага возера, іскрылася пад месяцам светлая сцежка. Асіпенка. [Вера:] — Пасля разлукі з табой я ў той жа вечар паехала аж за Чалябінск. Пестрак. [Русаковіч:] Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта. Крапіва.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для выражэння нечаканасці або раптоўнасці наступлення якіх‑н. падзей. [Пазарэўскі:] — Раніцай прачнуліся — аж.. [Толіка] ужо няма. Чорны. [Мартын Рыль:] — Гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой, лапаць скінуўся!» Колас. Прыглядаюся, аж тут траха не ўсе нашы сваякі і суседзі. Якімовіч.

3. злучнік супраціўны. Злучае сказы з узаемна неадпаведным значэннем, якое ўскладняецца адценнем нечаканасці, раптоўнасці. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас. Колас. А я думаю, хто гэта ідзе к гумну. Думаў, Максімка памагаць, аж гэта ты. Чорны. [Скуратовіч:] — Думаў устаць зацемна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Чорны.

4. у знач. выніковага злучніка. Далучае сказы, якія паказваюць на вынік асабліва напружаным падзей ці якую‑н. прыкмету самай высокай ступені. Бег што сілы, без аглядкі, Аж блішчалі ў хлопца пяткі. А. Александровіч. Гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шырокія шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў. Булай скамячыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)