настраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-чаго.

Застрэліць, забіць у якой‑н. колькасці. [Ляснік:] — Наедуць сюды [паны] цэлай ардой, і пачнецца! Не столькі [дзічыны] настраляюць, колькі напалохаюць... Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да чокаць ​1 (у 1 знач.).

2. Разм. Застрэліць, забіць каго‑н. Саханчук дзелавіта загнаў патрон, прыцэліўся. — Мне хаця б аднаго гада чокнуць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́хаць ‘гучна біць; ламаць з трэскам’, ‘трашчаць, ламацца’ (Нас.), ‘рэзка адрывіста грымець, бухаць’ (Юрч. Сін.), ‘трэсці’ (ТС), ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘страляць’ (ТС), ‘стукаць, грукаць дзвярыма’, ‘балбатаць’ (Ян.); тра́хнуць ‘моцна, з сілай стукнуць каго-небудзь’, ‘выстраліць па кім-небудзь’, ‘застрэліць’ (ТСБМ), ‘трэснуць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ‘стукнуць, упасці’ (ТС), ‘стукнуць (пра гром)’, ‘раптоўна пабегчы, ірвануцца’ (Мат. Маг.), тря́хнуць ‘стукнуць каго-небудзь чым-небудзь’ (Бяльк.); тра́хнуті ‘ўдарыць’ (Вруб.); сюды ж вытворныя ад траха́т ‘трэск’ трахата́ць ‘ламаць, крышыць’ (гродз., ЖНС), трахаце́ць ‘дрыжаць, трашчаць’ (Сл. ПЗБ); таксама тра́ханне, трахканне ‘грукат’, тра́ханнік, тра́хканнік ‘той, хто грукоча’ (Юрч. СНЛ). Утварэнні на базе гукапераймальнага трах, гл.

Траха́ць ‘трэсці’ (ТС), трахану́ць ‘страсянуць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘растрэсці (гной)’, ‘затрэсціся ад холаду’ (Юрч. СНЛ), трыхану́ць ‘страсянуць’ (Бяльк.), тріхану́ць ‘калатнуць; зрабіць вобыск’ (Юрч.). Фасмер (4, 113) мяркуе, што рус. тряхну́ть і тряха́ть з’яўляюцца новаўтварэннямі ад трясти́ ‘трэсці’; таксама Брукнер (579) польск. trząchąć адносіць да trząść ‘трэсці’. Параўн. паралельнае траса́ць, гл. трэсці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́рства, ‑а, н.

1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.

2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.

3. перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства. «Беларусь». Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ. А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух. Матрунёнак. // Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола. Хомчанка. І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства. «Звязда». Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны! В. Вольскі.

•••

Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.

Вечнае царства — пра рай.

Вянчацца на царства гл. вянчацца.

Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.

Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае... Навуменка.

Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.

Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.

Царства нябеснае каму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула... Шамякін.

Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)