акрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Дакладна вызначыць межы чаго‑н. (тэрыторыю распаўсюджання, кола пытанняў ці абавязкаў, аб’ём матэрыялу і пад.). Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце. Колас. Сябры! У будаўнічых рашучых паходах, Дзе сэрцы палаюць любімай зарой, На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. У новай гаспадарцы трэба было нанава перагледзець планы, вызначыць напрамак развіцця, акрэсліць задачы на бягучы год. Дуброўскі. // Вызначыць месцазнаходжанне чаго‑н. Карэкціроўшчык.. сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месцазнаходжанне браневіка. Брыль.

2. Даць азначэнне чаму‑н., вызначыць якое‑н. паняцце. [Галіна:] — Ці здолеў бы ты, Лявоне, акрэсліць, што такое чалавечае шчасце? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

воз, ‑а; мн. вазы, ‑оў; м.

1. Сродак гужавога транспарту, прызначаны для язды і перавозкі грузаў; калёсы. Усе сваякі папрыязджалі І двор вазамі паўстаўлялі. Колас. Сасёнка была парэзана на доўгія кавалкі, і сябры пачалі класці іх на воз. Пестрак.

2. Нагружаныя паклажай калёсы, сані і пад. Сытыя коні, аблітыя зарой, вязуць высокія вазы пшаніцы. Мікуліч. Злез бацька з сена, ідзе збоку, за возам наглядае, каб не абярнуўся. Якімовіч.

3. чаго. Колькасць таго, што можа змясціцца на калёсах, санях і пад. Воз дроў, сена.

4. перан. Разм. Вялікая колькасць чаго‑н. Воз навін. □ Дзетак у.. [Парэмчыка] цэлы воз, хоць і сам яшчэ малады. Ракітны.

5. Карцёжная гульня.

•••

Вазамі вазіць гл. вазіць.

Пятае кола ў возе гл. кола.

Цягнуць воз гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да Зямлі ​1 (у 1 знач.). Зямная кара. Зямное ядро. Зямная вось. Зямны магнетызм.

2. Звязаны з жыццём і дзейнасцю чалавека. Зямныя турботы. □ Настане хвіліна — І хопіць дабра мне зямнога, Ад родных і блізкіх Вазьму ў падарунак нямнога. Тарас. // перан. Звычайны, просты, у параўнанні з кім‑, чым‑н. ідэальным, узвышаным. Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Караткевіч. Ты сэрца маё ўсхвалявала, Як першая краска вясной, Цнатлівасцю мілай, зямной Ты сэрца, маё ўсхвалявала. Гілевіч.

3. Які мае адносіны да зямлі ​1 (у 3 знач.). Бярэзнік беластволы пад зарой Звініць, умыты чыстаю расой, Пакуль карэнні п’юць зямныя сокі. Бялевіч.

4. Які мае адносіны да зямлі ​1 (у 2 знач.); проціл. паветраны, водны. — Усё ж на зямлі спакайней, утульней, чымся там, у завоблачных вышынях. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

•••

Зямны магнетызм гл. магнетызм.

Зямны паклон гл. паклон.

Рай зямны гл. рай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)