харо́шы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.

2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.

3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.

4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.

1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць. Гартны. // Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся. Асіпенка. [Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Быкаў. // Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі? С. Александровіч.

2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы. Паслядовіч.

3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш. Кулакоўскі. Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў. Арабей.

4. перан. Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Ваданосаў. Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу. Сабаленка. / Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Колас. / Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая. Дадзіёмаў. — А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне. Пальчэўскі. / Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Чыгрынаў. [Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся. Машара.

5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)