Газы́нка ’лямпа’ (Сцяшк.). Таго ж паходжання, што і газні́к, газні́ца (гл.), г. зн. звязана са словам га́за (гл.). Але дэталі ўтварэння гэтага слова невядомыя, таму яго гісторыя застаецца незразумелай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
газоўка, газніца, каганец, кураўка, капцілка, мігалка (разм.)
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
Смарка́ч 1 ‘ёрш’ (Мат. Гом.), сморка́ч ‘тс’ (Крыв.). Да смаркаць (гл.), г. зн. слізкая або пакрытая сліззю рыба; параўн. таксама палескія сінонімы: сопе́ль, соплі́вец, слі́нявец, слізуне́ц; гл. Крывіцкі, Зб. Крапіве, 200 і наст.
Смарка́ч 2 ‘грыб масляк’ (узд., Нар. словатв.). Да смаркаць (гл.). Таксама як і ў дачыненні да рыб (гл. папярэдняе слова) назва слізкіх грыбоў; гл. Мяркулава, Очерки, 156, 181 і наст.
Смарка́ч 3 ‘маленькая лямпа без шкла, газніца, капцілка’ (Шат.; воран., бярэз., Сл. ПЗБ), смарка́чка ‘тс’ (Касп.; в.-дзв., глыб, Сл. ПЗБ), смырька́чык ‘тс’ (Бяльк.), смарка́чык (сморка́чикъ) ‘маленькая свечка, зробленая з рэштак свечачнага лою шляхам макання, якую яўрэі ўжывалі падчас шабасу’ (Нас., Сержп. Прымхі), смарка́чык ‘газніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Польск. smarkaczka ‘свечка з благога лою, якая хутка тоне ў ім’. Усё да смаркаць (гл.).
*Смаркач, сморка́ч ‘невылегчаны баран’ (драг., З нар. сл.). Гл. маркач.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мігце́ць, ‑ціць; незак.
1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.
2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.
3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.
4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Галавач. Святла нідзе не было, толькі ў адзінокім доме дыміла газніца з меднай гільзы, а людзей была поўная хата, як зачыніць. Няхай. // Прапускаць дым праз шчыліны (пра печ, комін і пад.). Печ дыміць. □ Гудзе, падвывае вецер. Буржуйка спалохана ўсхліпвае, дыміць. Асіпенка.
2. чым і без дап. Курыць, пускаючы многа дыму. Сцяпан сядзеў за сталом і дыміў папяросай. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. гас, газ ’газа’. Польск. gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр. гас Рудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ 1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг. газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур. gaz yaǧi (а гэта калька з англ. gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум. gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг. gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.
Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск. gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.
Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)