Пухі́р ’уздуцце на скуры; прышч; пузыр’ (ТСБМ; слуц., Нар. словатв.; Клім.; ПСл; ЛА, 3), паўхі́р ’тс’ (Скарбы; зэльв., навагр., дзятл., валож., ЛА, 3), панхі́р, панхе́р ’тс’ (брасл., ашм., смарг., бераст., шчуч., там жа), пухе́р, пухіэр ’тс’ (Сцяшк. Сл., Бес.; пруж., ЛА, 3), пукі́р ’тс’ (Сл. Брэс.), пухі́р ’бурбалка’ (ТСБМ, іўеў., ЛА, 2), ’высушаны і надзьмуты мачавы пузыр парсюка’ (Скарбы; слуц., Нар. словатв.; лях., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл.), ’паветраны пузыр у рыбы’ (ЛА, 1), ст.-бел. пухиръ ’пузыр’; параўн. укр. пухі́р, пухи́рь ’тс’, польск. pęcherz ’уздуцце скуры, пузыр’, чэш. puchýř ’тс’, славац. puchar, puchor ’пузыр, валляк’, в.-луж. pucher ’пузыр, бурбалка’, н.-луж. puchoŕ ’тс’, славен. puhọ̑r ’тс’; магчыма, сюды таксама серб. пу̏хор ’узняты ў паветра попел’. У сувязі з рознай суфіксацыяй лічыцца самастойным утварэннем у славянскіх мовах ад асновы прасл. *puch‑, гл. пухаць, пухнуць (Шустар-Шэўц, 2, 1188; Бязлай, 3, 135). Банькоўскі (2, 536) рэканструюе заходнеславянскую інавацыю *pǫ па ўзору *pǫpyrь ’тс’ пад уплывам сінанімічнага *měxyrь (гл. мяхір), адкуль фіналь ‑xyrь (“w prasłow. ‑x‑ po ‑o‑ niemożliwe”). Па фанетычных прычынах (спалучэнне ‑xi‑ < ‑chy‑ і інш.) беларускія словы запазычаны з польскай, параўн. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 193; Станкевіч, Зб. тв., 1, 39, 50, 407.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)