няпра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае якім‑н. правілам, нормам. Няправільнае развіццё арганізма. Няправільнае вымаўленне. □ — Мы вельмі рады, — сказаў.. [Бесо] няправільнай расійскай мовай. Самуйлёнак. // Які не адпавядае правілам сіметрыі. Няправільныя рысы твару.

2. Які не адпавядае ісціне; няверны, памылковы. Суддзя звыкла папярэджвае [сведак] аб адказнасці за няправільныя паказанні. Дадзіёмаў. [Люба:] — А няхай бы вы, будучы ў Мінску, зайшлі да .. [Стафанковіча] і сказалі, што млын кепска меле. [Млынар:] — Гэты абармот даў мне няправільны адрас, і я яго не знайшоў. Чорны.

3. Не такі, як трэба; несправядлівы. Няправільная палітыка. □ [Якуб:] — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі.

•••

Няправільны дзеяслоў гл. дзеяслоў.

Няправільны дроб гл. дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Зрабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення ў пэўных мэтах. Прыстасаваць пыласос для пабелкі сцен. □ Для сушэння тытуню Гецольд прыстасаваў усе дахі і навесы сваіх будынкаў, зрабіў спецыяльныя стрэхі, дзе павінна было вянуць свежае лісце. Карпюк. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Яго па-ваеннаму прыстасавалі для перавозкі і грузаў і пасажыраў. Новікаў.

2. Прымасціць, прыладзіць з якой‑н. мэтай. Ад поўдня ён калупаўся ў гумне каля сячкарні і меркаваў, як прыстасаваць яе да прывада малатарні, каб нарэзаць сечкі конна. Чарнышэвіч. А Сашка-казак пад лёгкай тужуркай прыстасаваў нават аўтамат. Няхай.

3. Прымеркаваць да чаго‑н. у часе. Параілі Максіму не прыцягваць людской увагі і адмовіцца ад вясельнага банкету. Калі ж яны хочуць адзначыць гэту надзею ў сваім жыцці, дык няхай прыстасуюць да якой-небудзь іншай святочнай даты. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́сіць, мушу, мусіш, мусіць; незак.

1. Падлягаць прымусу, быць прыняволеным да чаго‑н., не маючы магчымасці зрабіць інакш. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супроць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарм[ір]авання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Колас.

2. Быць абавязаным зрабіць што‑н. Таварышы падтрымалі свайго старэйшага, і Прохар мусіў падпарадкавацца. Новікаў. [Лакота:] — Па-баявому, па-ваеннаму так.. Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі. Назаўжды цябе забыць я мушу — Ты ж, прашу, забудзь мяне навек. Непачаловіч.

3. у форме інф., у знач. пабочн. Мабыць, напэўна, відаць; магчыма. На свеце, мусіць, нічога няма мацнейшага за прывычку. Баранавых. Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў. Васілёк замаўчаў.. Мусіць, думаць пачаў, Чаго вецер шуміць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)