Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Разм. Зрабіць удых і выдых. Баючыся дыхнуць, .. [Зося] палажыла руку пад падушку. Чорны. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін, і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Падыхаць. Раптам захацелася мне дыхнуць полем, выскачыць на вясенні прастор. Ракітны. // Выпусціць ротам струмень паветра пры гаворцы. — На страху глядзі, на страху, — дыхнуў .. [Юрку] у самае вуха Сяргей. Курто.

2. чым і без дап. Павеяць, падзьмуць. Яшчэ сняжком Зямлю не замяло, Ды халадком дыхнулі ўжо Абшары. Макаль. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер па двары, патрывожыўшы лісце таполяў. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Акно адразу ж адчынілася, і ў твар дыхнула свежасцю. Сачанка. // перан. Узрушыць, выклікаўшы якое‑н. пачуццё, абудзіўшы ўспаміны. Кожнаму на момант дыхнула ў душу сваімі жахамі перажытая вайна. Пестрак. / у безас. ужыв. Кастусь піў бярозавік, настоены на скарынках хлеба, і на яго раптам дыхнула далёкім бесклапотным маленствам. С. Александровіч.

•••

Баяцца дыхнуць гл. баяцца.

Вольна дыхнуць — адчуць поўную свабоду, вызваліўшыся ад чаго‑н. непрыемнага, гнятлівага.

Дыхнуць на поўныя грудзі — тое, што і вольна дыхнуць.

(Не) даць дыхнуць каму гл. даць.

Некалі (няма калі) дыхнуць гл. некалі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)