жыві́ць, жыўлю́, жы́віш, жы́віць; незак., каго-што.

1. Забяспечваць чым‑н. неабходным для нармальнай дзейнасці, развіцця. Жывілі падкормкай усходы, палолі палеткі не раз. Машара. // Быць для чаго‑н. крыніцай нармальнай дзейнасці, развіцця. Снег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю. Чорны. // перан. Быць апорай, асновай для чаго‑н.; падтрымліваць што‑н. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання... Колас. Рэвалюцыйны энтузіязм эпохі жывіў творчасць і творы пісьменнікаў. Адамовіч.

2. і без дап. Ажыўляць, бадзёрыць. З паходных кубкаў у сыноў Напіся ты вады. Яна жывіць. Броўка. // Мець лекавыя якасці; гаіць. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «стрэльба», «ружжо»). Не забіваць напавал, толькі раніць. Стрэльба жывіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадо́к, хадака, м.

1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.

2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.

•••

Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёплы, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.

2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.

3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.

4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.

•••

Цёплае месца гл. месца.

Цёплая кампанія гл. кампанія ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)