рэцэ́нзія, ‑і, ж.

Жанр літаратурнай, мастацкай і навуковай крытыкі. // Артыкул, у якім даецца аналіз і ацэнка навуковага або мастацкага твора. Рэцэнзія на кінафільм. □ Пра тое, што Е. Раманаў ставіў задачу папулярызаваць кнігу Ф. Багушэвіча, сведчыць публікацыя ў канцы рэцэнзіі поўнага тэксту верша «У судзе» на беларускай мове. С. Александровіч. З’яўлялася новая кніга. Караед прапытваў яе і садзіўся пісаць рэцэнзію. Паслядовіч.

[Ад лац. recensio — разгляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варыя́цыя, ‑і, ж.

1. Відазмяненне другарадных элементаў чаго‑н. пры захаванні асноўнага. Варыяцыі сцэны спектакля. // Спец. Некаторыя змены асноўнага тыпу ў раслін і жывёл. // Змена рытму, мелодыі, гармоніі пры захаванні асноўнай тэмы. Тэма з варыяцыямі.

2. Варыянты распрацоўкі або паўтарэння асноўнай тэмы. Купалаўскі верш «Мая хатка» з’яўляецца па сутнасці вольнай варыяцыяй на тэму аналагічнага верша Багушэвіча «Мая хата». Івашын.

3. У матэматыцы — змяненне віда функцыі велічынь.

[Ад лац. variatio — змяненне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бытава́ць, ‑туе; незак.

Існаваць, мець пашырэнне, месца, быць вядомым. Колас ўжываў шмат слоў і выразаў, якія з аднолькавым правам бытуюць у рускай і беларускай мовах, але ніколі не рабіў штучных калек. Юрэвіч. Ва ўсім цяпер раскрываўся перад .. [Марынаю] новы сэнс, быццам усё, што жыло і бытавала навокал яе, стала раптам такім, якім павінна было быць заўсёды. Чорны. // Прадаўжаць існаваць. У Кушлянах да гэтага часу бытуе нямала вусных расказаў пра Францішка Багушэвіча. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́ў, ‑певу, м.

1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.

2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімптаматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. У медыцыне — які накіраваны па ліквідацыю асобных сімптомаў хваробы, але не вылечвае захворвання поўнасцю. Сімптаматычнае лячэнне.

2. Кніжн. Які з’яўляецца сімптомам (у 2 знач.) чаго‑н.; паказальны ў якіх‑н. адносінах. Зварот да, рэальных жыццёвых фактаў быў з’явай глыбока сімптаматычнай і заканамернай. «Полымя». Багдановіч звяртаў увагу на дзве сімптаматычныя з’явы — на сувязь першых спроб усіх паэтаў, разбуджаных 1905 годам, з традыцыямі Багушэвіча і на працэс нараджэння адметных паэтычных індывідуальнасцей. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́трыка 1, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае вершаскладанне і намер верша. // Сукупнасць памераў верша. Інверсія, якой карыстаўся вопытны паэт-перакладчык, дапамагла яму перадаць і сэнс і метрыку шаўчэнкаўскага верша. Палітыка. Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, хоць яго некаторыя вершы збіваюцца на сілабічную метрыку, усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.

2. Вучэнне аб метры ​2 (у 2 знач.).

[Грэч. metrikē.]

ме́трыка 2, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Выпіска з метрычнай кнігі аб даце нараджэння; пасведчанне аб нараджэнні.

[Лац. matricula.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́ціцца 1, ‑ціцца; зак.

Злёгку абазначыцца, стаць бачным. Вузкія бровы [Гудовіча] былі нахмураны, а каля тонкіх вуснаў ледзь намеціліся першыя суровыя складкі. Пятніцкі. У трох месцах [каскі] намеціліся расколіны. Паўлаў. // перан. Абазначыцца ў агульных рысах, наметках. Намеціўся план дзеяння. □ Матыў аб магутнай сіле чалавечай працы намеціўся ўпершыню ў творчасці Багушэвіча, але яшчэ не знайшоў там шматграннага мастацкага ўвасаблення. Ярош.

наме́ціцца 2, ‑мечуся, ‑мецішся, ‑меціцца; зак.

Разм. Займець намер, намерыцца. [Вавёрка] спусцілася ўніз па ствалу бярозы — на, маўляў, бяры, — а як толькі я намеціўся яе схапіць — пырснула і знікла ў галлі. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. каго-што. Сунучы, перамясціць; перасунуць. Падумаўшы, што цяпер рабіць манеўры будзе цяжэй, Аляксей прывычным рухам перавёў рэверс, пасунуў рэгулятар. Васілёнак. Чалавек прайшоўся па хаце, пасунуў нагой табурэтку да стала, сеў. Асіпенка.

2. перан.; што. Прасунуць уперад, пасадзейнічаць развіццю чаго‑н. Але і тое, што вядома нам, дае права паставіць Францішка Багушэвіча ў рад буйнейшых пісьменнікаў свайго часу, лічыць яго першым, які перанёс слаўныя традыцыі паэзіі Шаўчэнкі і Някрасава на беларускую глебу, значна пасунуў наперад пасля Дуніна-Марцінкевіча развіццё беларускай літаратуры. Клімковіч.

3. Разм. Паволі пайсці, паплесціся, пасунуцца. [Карызна] задуменна схіліў галаву і спакваля пасунуў па вуліцы. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасло́ўе, ‑я, н.

1. Грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве. Дваранскае саслоўе. □ Са зместу «Размовы» відаць, што аўтар абараняе ідэалы сацыяльнага міру паміж класамі і саслоўямі тагачаснага грамадства. «Помнікі».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — група асоб, аб’яднаных прафесіянальнымі інтарэсамі. Саслоўе медыкаў. □ Акалічнасці далучэння Багушэвіча да адвакацкага саслоўя ўстанаўліваюцца дастаткова поўна па іншых дакументах. Кісялёў.

•••

Падатковае саслоўе — пра сялян, гараджан і пад. як пра такую грамадскую групу насельніцтва пры феадалізме, якая абкладалася падаткамі.

Прывілеяваныя саслоўі — духавенства і дваранства як група насельніцтва пры феадалізме, якая падаткамі не абкладалася.

Трэцяе саслоўе — непрывілеяванае падатковае саслоўе ў феадальнай Францыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Філасофскае вучэнне аб мастацтве як асобым відзе грамадскай ідэалогіі, прысвечанае даследаванню ідэйнай сутнасці і форм прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і ў жыцці. Марксісцка-ленінская эстэтыка. // Сістэма поглядаў на мастацтва ці які‑н. яго від, якой хто‑н. прытрымліваецца. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын. Для эстэтыкі Багушэвіча былі характэрны пошукі праўды, імкненне мастацкім словам сказаць народу праўду аб яго цяжкім сацыяльным становішчы. Конан.

2. Прыгажосць, мастацкасць чаго‑н. Як бачым, праблем, звязаных з эстэтыкай архітэктуры, удасканаленнем мастацкага аблічча беларускай сталіцы — многа. «ЛіМ».

[Ад грэч. aisthētikós — які адчувае, успрымае; пачуццёвы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)