аэрапо́рт, ‑а, М ‑рце, м.

Аэрадром на трасе паветранай лініі, абсталяваны ўсім неабходным для рэгулярных палётаў транспартнай авіяцыі. Уранку Зыбін пазваніў у аэрапорт, — было вельмі туманна, і самалёты не ішлі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бруха́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Таўстапузы, з вялікім жыватом. Шайдоб кінуў у сенцы сякеру і пайшоў у хлеў. Пагладзіў брухатую кабылу. Федасеенка. / у перан. ужыв. Далёка ў полі стаялі брухатыя самалёты — тут быў аэрадром. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абро́слы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты расліннасцю. На невялічкай палянцы, аброслай з усіх бакоў густым арэшнікам, стаялі і ляжалі людзі, усе падобныя адзін на другога. Чарот. // Пакрыты валасамі, шчаціннем. [Пятроў] з’явіўся на аэрадром раніцаю — увесь аброслы, худы, агрубелы, з запухлым пасінелым горлам. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Бегчы подбегам, трухам. Жвава і ахвотна трухае па першаму зазімку конь, запрэжаны ў яшчэ неаб’езджаныя сані-развалкі. Машара. Паўз аэрадром у поле бегла дарога: жвавы конік, запрэжаны ў калёсы, трухаў па ёй. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штоно́ч, прысл.

Кожную ноч, кожнай ноччу. Мы змаглі добра замаскіраваць аэрадром, з якога штоноч падымаліся самалёты. Жычка. Барвовы, з-пад шалома хмар, ля самых нашых вокан штоноч на поўдні, помню, Марс гарэў тыгрыным вокам. Вялюгін. // З кожнай ноччу, ноч ад ночы. Пражэктары, Як біўні агнявыя, Штоноч зіялі бліжай і святлей. Аўрамчык. Толькі галасы, нібы не тыя, — Пацішэлі і штоноч цішэюць. Ці для іх, вяскоўцаў, стаў чужы я? Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вайско́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да арганізацыі войска, складаецца з войска. Вайсковыя злучэнні. Вайсковая разведка.

2. Разм. Тое, што і ваенны (у 2 знач.). Вайсковая служба. Вайсковы абоз. Вайсковая выпраўка. □ Вайсковы аэрадром мясціўся на шырокім прасторным полі. Лынькоў. З машыны выйшаў узброены чалавек у вайсковай форме. Чарнышэвіч. — Я! — азваўся Максім і вокам вайсковага чалавека зірнуў на Пракопа. Колас.

3. у знач. наз. вайско́вы, ‑ага, м. Разм. Ваеннаслужачы, вайсковец. Побач з вайсковымі ехалі і цывільныя. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.

2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.

1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.

2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.

3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.

1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.

2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.

прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.

Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узры́ў, ‑рыву, м.

1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.

2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.

3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)