Зрачы́, зраку́ць (3 ас. мн. л.), зрок (прощ. ч. адз. л.) ’пашкодзіць дурным вокам, сурочыць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. зречи́ ’сказаць’, зректи́ся ’адракацца’, польск. zrzec się ’адмовіцца, адрачыся’, чэш. zříci se ’тс’, славац. zriecť sa ’тс’, в.-луж. zrěčėć ’пагутарыць, абмеркаваць, дамовіцца’, славен. izréči ’выгаварыць, выказаць’, серб.-харв. изрѐћи, ѝзрећи ’выказаць, аб’явіць’, макед. изрече ’тс’. Ст.-слав. издрешти ’выказаць’. Ст.-рус. изречи ’тс’ (XI–XII стст.). Бел. дыял. зрачы, верагодна, з jьz‑rek‑ti (корань rek‑, гл. рэч) мае асаблівае семантычнае развіццё: відаць, jьz‑rek‑ti ’выказаць’ азначала ’выказаць словы, што могуць пашкодзіць’ (параўн. таго ж кораня сурочыць), а потым наогул ’зрабіць шкоду без фізічнага ўздзеяння’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.

4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́равень, прысл.

Разм.

1. На адной лініі, вышыні, глыбіні і пад. Вада кіпела ўпоравень з бартамі. Арабей. Хвілін праз пяць.. [Раман] падняў упоравень з грудзьмі ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. [Хатка] такая маленькая і нізкая, што мальвы і сланечнік, якія абступілі яе вакол прызбы, цвітуць упоравень са страхой. Васілевіч. // На аднолькавым узроўні, у роўным становішчы. Літаратура наша вырасла да такой ступені, што зрабілася фактам не толькі нацыянальна-беларускім, а выйшла на ўсесаюзную арэну, стаўшы ўпоравень з лепшымі творамі шматнацыянальных літаратур. Скрыган.

2. Аднолькава, на роўных умовах, правах і пад. [Алена Данілаўна] адчула сябе ўпоравень з усімі, з вядомымі ў краіне партыйнымі кіраўнікамі, з наватарамі вытворчасці. Сабаленка. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Поруч, побач. У падраным кажушку бяжыць упоравень з санкамі мужычок — грэецца. Мурашка. Ганна Макараўна ішла ўпоравень з вагонамі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Разм.

1. Есці або піць паволі, з асалодай, стараючыся адчуць смак чаго‑н. Але ж якім потым мёдам частавала маці, — еў бы, здаецца, штодня ды смакаваў бы! Лынькоў. Смакуюць ягады малыя... А пасівелыя дзяды Гады прыпомнілі былыя. І. Калеснік. [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін.

2. Есці або піць на пробу. Толькі пры лоўлі карася, ляшча і асабліва ліня, якія спачатку смакуюць, а ўжо потым глытаюць насадку, магчыма адхіленне ад.. правіла. Матрунёнак.

3. перан. Успрымаць, перажываць што‑н., адчуваючы асаблівае задавальненне; цешыцца з чаго‑н., радавацца чаму‑н. Варожыя языкі ахвотна перамолвалі ўсю гэту бязглуздзіца, упрыгожвалі яе не менш бязглуздымі дадаткамі, смакавалі з усіх бакоў. Крапіва. Мне хацелася смакаваць гэты сон, забыцца ў ім хоць на нейкую хвілю пра ўсё, хацелася працягнуць яго як мага далей. С. Александровіч. Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! — Язду ўжо дзядзька тут смакуе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)