непадалёку, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нязначнай адлегласці; паблізу. Непадалёку, спрабуючы голас, азваўся салавей. Аляхновіч.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «непадалёку» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома. Чорны. Непадалёку сцішаных Ашмян Загаласіла ўтрапёна дудка — Куды гучней, чым віленскі арган. Дукса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́бельнік 1, ‑а, м.
Гіст. Спецыяліст па вырабу шабляў. Іван Анісімаў з Глыбокага, Рыгор Стасюкоў з Полацка і іншыя шабельнікі ездзілі ў Астрахань вучыцца рабіць булатныя клінкі. «Звязда». Некалькі сот гараджан прыйшло да ратушы. Былі тут шабельнікі, краўцы, фурманы. Шынклер.
ша́бельнік 2, ‑а, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, якая расце на вільготных месцах. Ногі блыталіся ў высокай траве. Асака, дзікая канюшына, шабельнік... Аляхновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траску́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае трэск (у 1 знач.). Два чалавекі ў высокіх ботах і футрах ідуць па траскучым лёдзе Пчолкі. Аляхновіч. // Рэзкі (голас, гук). Траскучы, прарэзлівы смех [Наташы] заглушаў бацькаў голас, біў па сценах, па ўсіх кутках дома. Кулакоўскі.
2. перан. Пусты, беззмястоўны, разлічаны на знешні эфект. Многія газеты не пазбавіліся яшчэ ад траскучай параднасці, бязмернага замілавання поспехамі і лічбамі, змяшчаюць агульныя заметкі і артыкулы замест дэталёвага паказу праведзенай работы, глыбокага вывучэння вопыту перадавікоў і простага, даступнага раскрыцця сутнасці гэтага вопыту. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.
1. Вызваліць ад грузу. Разгрузіць вагон. Разгрузіць параход. □ Глыбакавата села, не выцягнуць... Трэба разгрузіць машыну. Аляхновіч. // Зняць адкуль‑н. (груз); згрузіць. Разгрузіць тавар. □ — Эй..! — загаварыў на ломанай рускай мове пажылы немец. — Можа разгрузіце муку? Гурскі.
2. перан. Разм. Вызваліць, ачысціць ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга і пад. Разгрузілі і пакой цёткі Машы, падрыхтаваўшы яго для танцаў. Дубоўка. Каб разгрузіць сталіцу Беларусі ад залішняга руху, пракладзена не так даўно кальцавая дарога. В. Вольскі. // Зняць частку работы, вызваліць ад дадатковай нагрузкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
састарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся, стаў стары. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. Састарэлы твар [Блажэвіча] праразалі глыбокія маршчыны. Шыцік. // Разм. Які стаў непрыгодным для чаго‑н. (аб прадметах). Састарэлая страха.
2. перан. Які перастаў быць сучасным, актуальным; устарэлы. [Старшыня] Занадта давяраўся, Дэвізам састарэлым кіраваўся: «Падпісана — і з плеч далоў!» І наламаў аднойчы дроў. Валасевіч. // Які перастаў быць модным. Састарэлы фасон сукенкі.
3. у знач. наз. састарэ́лы, ‑ага, м.; састарэ́лая, ‑ай, ж. Які дажыў да глыбокай старасці; вельмі стары. Дом для састарэлых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.
2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніжэ́й,
1. Выш. ст. да прысл. нізка 2.
2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.
•••
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.
Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).
•••
Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.
Праліць пот — папрацаваць.
Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.
Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
Разм.
1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.
2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспедыцы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 1 знач.). Экспедыцыйная кантора. Экспедыцыйная аперацыя. □ На першым паверсе размяшчаліся экспедыцыйны аддзел, розныя складзікі, бібліятэка, архіў і кватэра дворніка. Машара.
2. Які мае адносіны да экспедыцыі (у 2, 3 знач.). Экспедыцыйнае памяшканне.
3. Які мае адносіны да арганізацыі, правядзення экспедыцыі (у 4 знач.). Экспедыцыйны сектар. Экспедыцыйнае ўпраўленне. // Прызначаны, сфарміраваны для экспедыцыі. З гадзіну назад нас прывёз сюды зялёны экспедыцыйны газік. Аляхновіч. У сакавіку 1937 года на фронт прыбыў італьянскі экспедыцыйны корпус. «ЛіМ». / у знач. наз. экспедыцы́йнае, ‑ага, н. Работы падыходзілі да канца. Мурашоў загадаў Ганне збіраць экспедыцыйнае ў сенцы. Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)