даты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.

Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Справа датычылася дысертацыі, якую ўчора паказваў Толю Максім. Брыль. [Сусед] распытаў Антося, што робіцца на свеце, але найбольш, цікавіўся законамі, якія датычацца сялян. Чарнышэвіч.

•••

Што датычыцца каго-чаго, то... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., то... Што датычыцца Задруцкага, то ён на адкрыцці першай чаргі [электрастанцыі] не прысутнічаў. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́рства, ‑а, н.

1. Паводзіны, учынкі штукара (у 3 знач.); дзіўныя, незвычайныя дзеянні, штукі (у 4 знач.). Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў, або падыманне самога сябе на нары. Колас. Калапскі вёў сваю пракурорскую справу больш сумленна, пазбягаў грубых падманаў, штукарства і ашуканства, трымаўся салідна і спакойна. Машара. [Віця] марыць вырасці мужным і смелым, а што ні зробіць — усё называюць штукарствам, дураслівасцю. Шыловіч.

2. Стварэнне танных знешніх эфектаў, разлічаных на тое, каб сваёй незвычайнасцю ўразіць каго‑н. Маладнякоўскія кіраўнікі не маглі дараваць Я. Коласу яго іранічнага стаўлення да .. паэтычнага штукарства. «Полымя». Талент чалавека заўсёды мае патрэбу ў адкрыцці, бо не адкрыты і не ўспешчаны людскою ўвагаю, ён можа астацца толькі штукарствам, з якога людзі будуць добразычліва сабе пасміхацца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерво́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да нерва, нерваў. Нервовая тканка. Нервовы цэнтр. Вышэйшая нервовая дзейнасць. □ Навуковыя адкрыцці Паўлава ў галіне вывучэння мозга і нервовай сістэмы знамянуюць адну з вялікіх перамог матэрыялізму над ідэалізмам. «Беларусь».

2. Які выкліканы захворваннем нерваў, які ўзнік у выніку расстройства дзейнасці нервовай сістэмы. Нервовыя хваробы. □ [Паліцэйскі] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў .. яго губы. Чорны.

3. Звязаны з узбуджанасцю, раздражненнем нерваў. Нервовае напружанне, што давяло [Візэнера] да фізічнага здранцвення, прайшло. Шамякін. Цяжкая работа ў інстытуце, гэтыя частыя непрыемнасці, а за імі і нервовая ўзбуджанасць — такая як сёння — могуць прывесці да благога. Шахавец. // Які выражае, выдае ўзбуджэнне, хваляванне, раздражненасць. Нервовы твар.

4. Якога лёгка расхваляваць; хваравіта раздражнёны, неспакойны. Сінклета Кузьмінічна любіць кароў, сваю работу, старанная даярка, але крыху адасобленая, нервовая і балюча рэагуе на ўсякія непаладкі. Дуброўскі.

5. Неспакойны, трывожны (аб рабоце, жыцці і пад.). Нервовая праца.

•••

Вегетатыўная нервовая сістэма гл. сістэма.

Нервовы імпульс гл. імпульс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэ́мія, ‑і, ж.

1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.

2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.

3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.

•••

Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.

[Ад лац. praemium — узнагарода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)