з’е́длівы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да едкіх, зласлівых насмешак; ядавіты. Хітраваты і з’едлівы на язык пяцікласнік Піліп Чаравака здорава падкалоў Адама, калі той запісваў хлопцаў у сваю брыгаду. Нядзведскі. // Які заключае, выражае едкую насмешку, здзек. З’едлівы тон. З’едлівыя словы. З’едлівая сатыра. □ Як зрабіць, каб.. пачуць людскі шчыры, а не з’едлівы, штучны смех? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўсо́тня 1, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Тое, што і паўсотні. Паўсотня, не больш, кіламетраў аддзяляе Завоссе — радзіму Адама Міцкевіча — ад Мікалаеўшчыны — радзімы Якуба Коласа. Лойка. Калісьці тут, каля Друці, Паміж лясоў дрымучых, Паўсотня згорбленых хацін Стаяла па-над кручай. Жычка.

паўсо́тня 2, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Палавіна сотні як вайсковая адзінка казацкага войска ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непастая́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.

2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каніце́ль, ‑і, ж.

1. Вельмі тонкая металічная, звычайна залатая або сярэбраная, ніць для вышывання. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі. Караткевіч.

2. перан. Разм. Нудная зацяжная справа, валакіта. — Бачыш, у брыгадзе і з ворывам дрэнь, і з фермай не клеіцца, і з куратнікам каніцель. Гурскі. // Дарэмная трата часу.

•••

Цягнуць (разводзіць) каніцель гл. цягнуць.

[Фр. cannetille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ркі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Быстры, вёрткі, спрытны ў рухах. Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крылцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі. Колас. Сцёпка Хадун, юркі, каратканогі і дапыт[лів]ы, як сарока, угледзеўшы Максіма за цяжкай работаю, чуць не на [пальчыках] падышоў да яго. Каваль. // Які вырашае бойкасць, скрытнасць, жывасць (пра вочы, позірк і пад.). — Ага, штучку. Паленца, што ля паветкі і цяпер ляжыць, — растлумачыла старая, страляючы юркім позіркам то ў вочы Пятра, то Адама. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здабы́так, ‑тку, м.

1. Маёмасць, уласнасць. З агнём і дымам пусцілі партызаны панскія здабыткі. Лынькоў. // перан. Тое, што непадзельна стала чыім‑н. набыткам. Творчасць вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча стала здабыткам сусветнай культуры. Лойка.

2. Дасягненні ў развіцці чаго‑н. З імем К. Крапівы звязан росквіт байкі ў нашай літаратуры, яе найбольшыя здабыткі ў гэтым жанры. Казека. Змітрок Бядуля ўзбагаціў беларускую літаратуру сапраўднымі мастацкім здабыткамі. Каваленка.

3. Здабытая рэч, прадмет і пад. Філасофскі настрой [дзеда Талаша] змяніўся практычнымі разважаннямі. І кабан і воўк — каштоўны здабытак. Колас.

4. Лік, атрыманы пасля множання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае, не набыў жыццёвага вопыту, непасрэдны; прастадушны. Са спагадай гляджу на чалавека, наіўнага, няўмелага, неспрактыкаванага, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў. // Які выражае прастадушнасць. Наіўныя вочы. Наіўны выраз твару. □ — А вы будзеце мяне слухаць? — голас у Адама быў кволы, па-дзіцячаму наіўны. Паслядовіч. // Пазбаўлены жыццёвага вопыту. Наіўнае пытанне. Наіўныя ўяўленні аб жыцці. □ Праз тыдзень пісанне было закінута, бо самому аўтару яно здалося вельмі наіўным і смешным. Колас. // Непасрэдны, без хітрасцей. Гэта была дзіцячая песенька ​1 простая, наіўная. Лынькоў.

[Фр. naïv.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які сустракаецца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самароднае золата. Самародная медзь. // Які ўтрымлівае самародкі (у 1 знач.), з самародкамі. Самародныя россыпы.

2. Прыродны, які развіўся без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Самародны талент. □ У ім [Сымоне] прачнуўся самародны практык-аграном; гаспадарчая яго інтуіцыя, звыкласць — сагнала з яго ранейшае сумненне. Чорны. // Уласцівы самародку (у 2 знач.), дасканалы ў творчых адносінах. У.. [К. Каганца] вынікалі такія вершы, як «Кабзар».. — рэч самародная, веючая народныя духам і пакідаючая моцнае ўражанне. Багдановіч. [Ян Каспровіч] прызнаў «Песню» [«Песню пра зубра» М. Гусоўскага] творам самародным І прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгук, ‑у, м.

1. Адбіццё гуку; водгулле, рэха. Затрашчала галлё — панёсся водгук. Гартны. // Слабы гук, які даносіцца здалёку. З ветрам, што кідаўся зверху,.. даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Лынькоў.

2. перан. Спачувальныя адносіны, салідарнасць з чым‑н. Шырокі водгук. □ Я веру, песень маіх кліч бунтарскі Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх. Купала. Водгук на чужое гора жыў у.. сэрцы [Ядвісі]. Колас.

3. перан. Тое, што з’яўляецца вынікам чаго‑н., адказам на якія‑н. падзеі, з’явы. Рэвалюцыйныя падзеі знайшлі магутны водгук у дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Пшыркоў. Творы [Лынькова, Чорнага, Труса] з явіліся гарачым водгукам на хвалюючыя пытанні свайго часу. Казека.

4. Разм. Тое, што і водзыў (у 1 знач.). Кніга водгукаў. □ Вялікую цікавасць мелі.. [Купалавы] водгукі аб.. паэзіі Адама Міцкевіча. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.

Разм. Супакоіцца, уціхнуць. Позна вечарам астрог угаманіўся. Колас. Уночы ля высокага зыркага цяпла паляўнічыя доўга не маглі ўгаманіцца. Кірэенка. — Яна ж на сем гадоў за яго старэйшая. Дзе былі яго [Міколы] вочы? — не магла ўгаманіцца Абрамчыха. Прокша. / Пра птушак, жывёл. На Рымаравай ліпе раптам прачнуліся буслы, заляскалі дзюбамі і доўга не маглі ўгаманіцца. Лобан. // Стаць больш спакойным, ураўнаважаным. Угаманіцца з гадамі. □ [Віхура:] І калі вы ўжо ўгамоніцеся? Гора мне з вамі. Гурскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. А думкі, як растрывожаны рой, ніяк не хочуць угаманіцца... Брыль. // Слабеючы, спыніцца. Мяцеліца к вечару ўгаманілася, перастаў ісці снег. Сіняўскі. Уразіў Адама і паўдзённы спакой ракі, такі па-летняму роўны, нібы рака спынілася, заснула... Толькі ў лукавінах ніяк не ўгамоніцца. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)