Ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ (Касп., Шн., 3, 35), рус. ворзать ’прагна глытаць, хлябтаць’. Рус. слова Шахматаў (ИОРЯС, 16, 4, 20) звязвае з варза́ть ’рабіць абы-як, дрэнна; брудзіць; жартаваць’ (гл. таксама Фасмер, 2, 275 і 351), паходжанне якога застаецца няясным. Магчыма, звязана з прус. warzus ’губы’ якое Брукнер (602) з пэўнымі агаворкамі звязвае з польск. warga, аднак больш верагодна — гукапераймальнага паходжання; параўн. чэш. vrzati ’скрыпець, выдаваць гук’, пра апошняе гл. Махэк₂, 701.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лапано́сы ’чалавек з шырокім, пляскатым носам’ (Касп., ТСБМ; кіраў., Нар. сл.; жлоб., Мат. Гом.), ’лапаносы, кірпаносы’ (Растарг.). Літ. lapanõsis ’той, у каго нос мае форму ліста’, параўн. šikšnósparnis lapanõsis ’шыраканосая лятучая мыш, Rhinolophus ferrum eguinum’. Магчыма, балтызм, аднак з прычыны неакрэсленасці арэала пашырэння лексемы ў літоўкай мове (адсутнасць дадатковых дадзеных) нельга дакладна вызначыць крыніцу. Сюды ж лапаноска ’водная птушка шыраканоска, Anas clypeata L.’ (Інстр. 2; слуц. Федз.–Доўб.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярэ́каць ’гаварыць абы-што’ (КТС, М. Паслядовіч). Сюды ж, паводле аўтараў СРНГ, 4, 42, і іншыя блізкія экспрэсіўныя лексемы: рус. варакать, пск. варгасить ’гаварыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’, арханг., ленінгр., перм., с.-урал. варакосить, паўдн.-рус., смал. варнакать ’тс’, варон. ’гаварыць няясна’. Непераканаўча Фасмер (1, 273–275). Бел. вярэкаць, магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі вярзці і *рэкці (< rěkti); параўн. драг. рэ́кало ’чалавек, які доўга і нудна гаворыць недарэчнасці, бязглуздзіцу’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяхо́тка 1 ’мачалка’ (Байк. і Некр., БРС, Бяльк., КСП, КТС, Яруш.); ’рыззё’ (Касп., КТС, Нас.). Рус. дыял. вехотка ’тс’. Памяншальнае да вехаць (гл.). Значэнне ’мачалка’ — другаснае, на базе больш натуральнага ’пук саломы, веташ і г. д.’.
Вяхо́тка 2 ’куча, чарада’ (КСП). Няясна. Магчыма, пераноснае ад вяхотка 1. Параўн. «Вяхоткай вошы па спіне поўзаюць» (КСП). Не выключаны, аднак, і іншы спосаб тлумачэння. Параўн. рус. валаг. вяха ’куча’. Далейшыя сувязі застаюцца няяснымі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вілю́га 1 ’чалавек, які выкручваецца з любога становішча’ (Янк. III). Укр. вилюга ’крывізна, згіб, згінанне’, рус. уладз., валаг., кур., арл. вилюга ’крывізна, звіліна’, валаг. ’хітрыкі, выкрутасы, выкручванне’. Магчыма, усх.-слав. інавацыя ад *віль (< віць < viti); параўн. рус. маск., ярасл. вил ’качан капусты’, кур., варон., кастр., валаг. вило́й ’развілісты, закручаны’. Не выключана запазычанне з балт. моў (параўн. літ. vìlti ’ашукваць’, viliū̃gas ’спакуснік’) з аддаленай семантыкай.
Вілю́га 2 ’абавязак, прычына’ (КЭС, лаг.). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́мзаль ’смуглы’ (Жд. 2). Дакладвае значэнне слова невядома (параўн. прыклад, які прыводзіцца ў слоўніку Жыдовіч: «Вой я ш як гамзаль чорная, мне і загараць ня трэба»). Лексема гамза́ль ’быстры, тупы штуршок’, якая прыводзіцца ў Насовіча, не падыходзіць па семантыцы. Калі няма сувязі з адным са значэнняў дзеясловаў га́мзаць, гамза́ць, то, магчыма, запазычанне. Параўн. (але гэта вельмі няпэўная дагадка) укр. гамсе́л ’іранічная назва, якую даюць жыхарам Таўрычаскай губерні’ (Грынч.)
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гапцава́ць ’многа есці’ (Шат.). Няма ў рус. і ўкр. мовах у гэтым значэнні. Фармальна падыходзіць для параўнання ўкр. гопцюва́ти ’танцаваць гопаючы; скакаць (аб конях)’, але семантыка вельмі адрозніваецца. Таму можна меркаваць, што бел. лексема гэта нейкае жаргоннае слова, магчыма, запазычана з укр. мовы і ўжываецца ў метафарычным значэнні. Паколькі пакуль няма дадатковых даных аб гісторыі слова гапцава́ць у бел. мове, то больш пэўнага аб ім сказаць нічога нельга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарэ́лка 1 ’гарэлка’ (да гарэ́ць) (БРС). Відавочна, запазычанне з рус. горе́лка ’тс’.
Гарэ́лка 2 ’гарэлка, спіртны напітак’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́лка, укр. горі́лка. Утварэнне па польскаму узору: польск. gorzałka (да *gorzały ’гарэлы’ < gorzeć ’гарэць’). Гл. Фасмер, 1, 440; Слаўскі, 1, 322. Падрабязна Сцяц. Нар., 72.
Гарэлка 3 ’адтуліна ў бучы’ (Сл. паўн.-зах.). Магчыма, метафара да гарэ́лка 1 (паводле знешняга падабенства з варонкай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Граб ’назва дрэва Carpinus betulus’ (БРС, Шат., Касп.). Прасл. форма *grabъ (параўн. яшчэ рус. граб, укр. граб, польск. grab) і таксама *grabrъ (балг. га́бър, славен. gȃber, чэш. habr). Роднасныя формы: ст.-прус. wosigrabis ’брызгліна’, макед. γράβιον ’драўніна пэўнай пароды дуба і г. д.’ Гл. Фасмер, 1, 449. Параўн. агляд у Трубачова (Эт. сл., 7, 99–100), які думае пра роднаснасць са слав. *grebǫ, *grebti (назва ўзнікла, магчыма, у перыяд даўняга збіральніцтва).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Напра́ма ’кірунак, напрамак’ (Яруш.), напра́мак ’тс’ (Байк. і Некр., ТСБМ). Відаць, наватвор беларускай літаратурнай мовы, што ўзнік шляхам запазычання з укр. напрям, напрямок ’тс’ ці ў выніку калькавання рус. направление ’тс’ (з ц.-слав. правъ ’прамы’); пры гэтым варта адзначыць, што магчыма і самастойнае развіццё на базе народных прыслоўяў тыпу напрамік, напрамкі ’напрасткі, нацянькі’ (Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС) праз абагульненне семантыкі ’напрасткі’ — ’напрамую, у кірунку да мэты’ — ’кірунак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)