рэда́кцыя, ‑і, ж.
1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.
2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.
4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.
5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.
2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.
3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́й, ‑ю, м.
1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.
2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.
•••
Вечны спакой — смерць.
Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.
На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.
2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.
3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улюбёны, ‑ая, ‑ае.
1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.
2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.
2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.
3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.
•••
Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.
1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.
2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.
3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.
4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.
•••
Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хадавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.
2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.
3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.
4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.
5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.
6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́р, прысл.
1. Зараз, у гэты момант. — Цяпер [цягнік] паімчыць пад горку.. Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе маладога камандзіра чулася трывога за сваіх, за падрыўнікоў. Лынькоў. — Цяпер улева бярыся, бо там вунь яма, — усміхаецца з берага дзед. Брыль. // На гэты раз. Потым стаў ён нападаць: Гоп аб землю палкай з маху — Людзі ў рогат: «Ха-ха-ха! Ах, каб ты, Хлапец, прапаў: І цяпер вось не папаў». Крапіва. // У час, які ахоплівае нядаўняе мінулае і бліжэйшае будучае; у сучасны момант, які проціпастаўляецца даўнейшым часам. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за ператварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка. І цяпер мне тая музыка, Як жывая, ўспамінаецца. Колас.
2. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гаворкі: далей. [Пніцкі:] — Добра там.. Апанас Сегень кажа, што пра жніво загадзя трэба падбаць. Цяпер пра сябе. Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Чорны.
•••
Не цяпер, дык у чацвер — у бліжэйшым будучым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)