ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.

Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.

Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Выражэнне незадавальнення, нараканне з прычыны якіх‑н. непрыемнасцей, болю і пад. Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Якімовіч. У лірычных вершах паэтэсы [Цёткі], а таксама ў яе пісьмах чуюцца скаргі на цяжкія пакуты, якія ёй прыносіла хвароба. Шкраба.

2. Афіцыйная заява аб незаконным або няправільным дзеянні якой‑н. асобы, установы, арганізацыі. Касацыйная скарга. □ Старая Марцініха пісала скаргу на свайго сына. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слёзна, прысл.

Са слязамі. І плача, плача горка і слёзна, ніяк не могучы паверыць, што бачыла сына ў той дзень апошні раз. Сачанка. // Умольна прасіць аб чым‑н. Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Мележ. — Пусціце мяне, дзядзечка, я забыў у вагоне свой куфэрак, — слёзна прасіў я чалавека. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. Плачуць слёзна капяжы: — Вецер, ты хоць памажы, Разгані нам хмару, Цёмную пачвару. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Правесці лінію, рыску пад радком, літарай і пад. Падкрэсліць галосныя.

2. перан. Звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. важнае, значнае. [Леаніду Аляксеевічу] хацелася падкрэсліць сваю думку больш канкрэтнымі прыкладамі і больш яркімі фарбамі. Якімовіч. // Выдзеліць голасам, інтанацыяй найбольш важнае месца. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў [камандзір].. апошняе слова. Колас. // Зрабіць больш адчувальным; зрабіць такім, што кідаецца ў вочы. Падкрэсліць адмоўныя рысы героя. □ Начное здарэнне падкрэсліла .. [адзіноту], зрабіла фізічна адчувальнай. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазапі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Запісаць, занесці на паперу ўсё, многае. Пазапісваць свае думкі.

2. Запісаць, нанесці на плёнку, пласцінку ўсё, многае. Пазапісваць песні.

3. Унесці ў спіс, рэестр і пад. усіх, многіх або ўсё, многае. [Сакратар райкома] пазапісваў іхнія прозвішчы і паабяцаў выклікаць, калі што-небудзь надарыцца. Карпюк. // Уключыць у лік каго‑н. усіх, многіх. Пазапісваць у сведкі.

4. Разм. Скласці дакумент аб перадачы каму‑н. усяго або часткі чаго‑н. Пазапісваць рэчы на сына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак., на каго-што, з каго-чаго, каму-чаму і без дап. (звычайна з адмоўем «не» і дзеясл. «магчы»).

Уволю, многа парадавацца. Маці не нарадуецца на сына. □ Падзеі, як хвалі, ляцелі адна за адной, і іх ледзь паспявалі адзначаць: не паспееш нарадавацца адной, як за ёй ужо — другая, новая. Ракітны. [Дзятліха] нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ. [Стасік] вучыўся так, што настаўнікі не маглі нарадавацца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўпа́к, ‑а, м.

1. Галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы. Кухарскі каўпак. □ Выгляд .. [урача], суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну. Шамякін. Па просьбе Макса бацькі зрабілі Васільку з рыззя «форму» клоуна — рознакаляровыя шырокія штаны, высокі каўпак — і цешыліся не менш за свайго сына. Маўр.

2. Накрыўка над чым‑н. акруглай або конусападобнай формы. Каўпак для лямпы. Шкляны каўпак. □ Хлопцы селі. Лётчык насунуў над імі цэлулоідны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашчу́нства, ‑а, н.

1. Адзін з відаў злачынства супроць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні.

2. Зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя. Валянціна Андрэеўна.. амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына.. — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства! Шамякін. — Ці ж можна пазбаўляць чалавека найвялікшага шчасця — бацькоўства?! Гэта ж кашчунства. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.

1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.

2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

•••

Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)